Фільм «Свет Юрскага перыяду» надзвычай паспяхова стартаваў у сусветным пракаце: у ЗША ён набраў за ўік-энд 204,6 млн даляраў, у астатнім свеце — 307,2 млн. Сумарна гэта дала новы сусветны рэкорд: 511,8 млн даляраў.

Раней ніводны фільм не збіраў за ўік-энд паўмільярда. Бліжэйшы па зборах да «Свету Юрскага перыяду» — апошні «Гары Потэр», што за выходныя сабраў 483 млн.

Фільм ужо акупіўся: яго бюджэт склаў толькі 150 млн даляраў. Відавочна, фільм зможа сабраць яшчэ нямала грошай у пракаце — магчыма, і наблізіцца па сумарных зборах да рэкардсмена, «Аватара» з яго зборамі ў 2,788 млрд.

«Свет Юрскага перыяду» атрымаў для такіх збораў дастаткова нізкія адзнакі ад крытыкаў — толькі 59 балаў са 100 паводле Metacritic альбо 70% пазітыўных рэцэнзій паводле Rotten Tomatoes. Адзнакі гледачоў не значна вышэй — 7.2 з 10.

Стужка стала прамым працягам першага «Парку Юрскага перыяду» і праігнаравала сіквэлы. Яе рэжысёрам стаў Колін Трэвэроў, які дагэтуль зняў толькі адзін фільм — незалежную стужку «Бяспека не гарантуецца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?