У Брэсце плануецца ўстанавіць помнік Уладзіміру Высоцкаму, паведамляе афіцыйны сайт Брэсцкага гарвыканкама.
Ідэя абмяркоўвалася 16 чэрвеня падчас рабочай сустрэчы старшыні гарвыканкама Аляксандра Рагачука з адміністрацыяй гасцініцы «Буг», дзе ў 1972 і ў 1974 гадах Высоцкі двойчы спыняўся, і ўпаўнаважаным інвестара. У сустрэчы таксама ўзялі ўдзел галоўны архітэктар горада і спецыялісты па пытаннях захавання гісторыка-культурнай спадчыны горада.
Выказвалася ідэя аформіць у стылі 1970-х гадоў адзін з нумароў гасцініцы, дзе жыў Высоцкі, а ў суседнім памяшканні стварыць экспазіцыю, прысвечаную яго памяці.
Абмяркоўвалася і магчымае месца ўстаноўкі скульптурнай кампазіцыі, у прыватнасці, недалёка ад уваходу ў гасцініцу «Буг». Гэты ўчастак павінен быць рэканструяваны, пры гэтым усе дрэвы і кусты застануцца на сваіх месцах. Такім чынам, тут можа з'явіцца невялікі сквер, у які арганічна ўпішацца скульптурная кампазіцыя.
Ідэя стварыць помнік Высоцкаму вынесеная на грамадскае абмеркаванне. Заўвагі і прапановы можна дасылаць да 1 верасня на адрас рэдакцыі газеты «Брестский вестник» (Брэст, вуліца Міцкевіча, дом 25) ці на адрас электроннай пошты выдання bres[email protected] з пазнакай «Памятнае месца Высоцкага ў Брэсце».





