Увечары 17 чэрвеня вадалазы МНС дасталі з вады цела 21-гадовага жыхара Брэста, які скокнуў у раку Мухавец з чыгуначнага моста.
Кампанія маладых людзей адпачывала на беразе ракі Мухавец у мікрараёне Вычулкі. Пасля распіцця спіртнога 21-гадовы жыхар Брэста захацеў скокнуць у раку з чыгуначнага моста. Адзін з таварышаў яго падтрымаў, паведамілі папярэднюю версію ў прэс-службе УУС Брэсцкага аблвыканкама.
Пасля скачка выплыць здолеў толькі адзін з іх. Цела іншага праз паўгадзіны дасталі з вады вадалазы МНС. Загінулы скакаў з найвышэйшай кропкі моста.
У сацыяльных сетках адзін з відавочцаў трагедыі растлумачыў, што сябры спрабавалі адгаварыць хлопца ад скачка.
«Яго апошнія словы калі гаварылі не скачы «Я не разаб'юся», — напісаў карыстальнік.
Праверку па факце гібелі маладога чалавека праводзіць Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта. Для ўстанаўлення дакладнай прычыны смерці прызначана судова-медыцынская экспертыза.





