З рэзкай крытыкай прарасійскіх арганізацый Беларусі выступіла папулярная суполка «Укантакце» «Антымайдан Беларусь». Прычынай стала зняццё шыльды з вершамі «Паклёпнікам Расіі» з магілёўскага помніка Аляксандру Пушкіну.

«Антымайдан» назваў гэтую падзею «ганьбай «рускага свету» ў Магілёве». Абурэнне выклікала тое, што ніхто нават не паспрабаваў уступіцца за спрэчны верш Пушкіна.

Асноўная крытыка была накіраваная ў адрас казацкіх арганізацый: «Вось гэтыя крэпкія хлопцы, якія бравіруюць крыжовымі хадамі ў Магілёве, і, напэўна, шчыра клянуцца ў адданасці Айчыне і Богу. Малайцы. Прыгажуны. Крыжовымі хадамі хадзіць навучыліся. А Радзіму абараняць – не. Ці Пушкін для вас не Радзіма? Ці з тэкстам «Паклёпнікам Расіі» не згодныя? Дзе вы, мужыкі? Сорамна», — напісана ў «Антымайдане Беларусь».

«Казакі засц…і згубіць рэгістрацыю», — прыходзяць да вываду невядомыя аўтары.

«Антымайдан Беларусь» – гэта суполка прыхільнікаў «рускага свету», на яе падпісана больш за 2 тысячы чалавек. Вядзецца яна на ўмовах ананімнасці. Вядома, што адным з аўтараў «Антымайдана» з’яўляўся Іван Ус, сын экс-кандыдата ў прэзідэнты Дзмітрыя Уса. Сёння мадэратарам суполкі з'яўляецца нехта «Жанн Чубуков».

Нагадаем, 6 чэрвеня ў Магілёве каля бібліятэчнага каледжа быў усталяваны бюст Аляксандра Пушкіна з урыўкам з верша «Паклёпнікам Расіі». Многім гэтыя радкі сёння падаліся правакацыяй, бо Пушкін пісаў той твор пасля задушэння паўстання 1831 года, у якім удзельнічала шмат беларусаў. Праз шэсць дзён пасля ўсталявання шыльда была знятая пад уплывам грамадскасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?