Маскоўскае «Дынама» выключана з ліку ўдзельнікаў Лігі Еўропы наступнага сезону за парушэнні фінансавага fair play. З 2009 года УЕФА сочыць за тым, каб клубы не дапускалі вялікага дэфіцыту бюджэту і станавіліся бясстратнымі.

Як паведамілі ў Саюзе еўрапейскіх футбольных асацыяцый, расійскі клуб не выканаў ні аднаго з шасці пунктаў, якія ўтрымліваюцца ў патрабаваннях да бясстратнасці футбольных клубаў рэгламенту УЕФА па ліцэнзаванні і фінансавым fair play (FFP, або прынцыпу сумленнай гульні з пункту гледжання фінансавання).

Дыскваліфікацыя пакуль распаўсюджваецца на адзін сезон, і «Дынама» зможа прыняць удзел у наступных еўракубкавых турнірах, калі атрымае адпаведную пуцёўку па выніках ўнутраных спаборніцтваў і станоўчае заключэнне футбольных органаў.

Арбітражная палата інспекцыі УЕФА па фінансавым кантролі прымае рашэнні аб тых ці іншых пакараннях, разглядаючы фінансавы стан клубаў за тры папярэднія сезоны. Па выніках трох гадоў футбольныя клубы павінны дэманстраваць дадатнае сальда.

«На жаль, клуб адхілены на адзін сезон ад еўракубкаў, — заявіў старшыня савета дырэктараў «Дынама» Васіль Цітоў агенцтву Р-Спорт. — Штраф не прадугледжаны. На працягу трох гадоў мы будзем адпраўляць інфармацыю ва УЕФА на прадмет таго, як мы выконваем FFP».

У пятніцу на міжнародным эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу кіраўнік «ВТБ» Андрэй Косцін паведаміў, што з наступнага года яго банк перастане наўпрост фінансаваць футбольны і хакейны клубы «Дынама». Замест гэтага банк, які спансаруе каманды, будзе пералічваць грошы ў цэнтральны савет спартыўнага таварыства «Дынама», якое затым будзе размяркоўваць сродкі паміж клубамі.

Футбольнае «Дынама» ўзначальвае бізнэсмэн Барыс Ротэнберг, а хакейнае — яго брат Аркадзь Ротэнберг, сябры Пуціна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?