У Беларусі адзначаны новы, шэсцьдзесят пяты, від стракоз — страказа Фонскаломба (Sympetrum fonscolombii).

Як паведамляе прэс-служба грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ), страказа была выяўленая беларускім арнітолагам Дзянісам Кіцелем 31 мая падчас назіранняў за птушкамі ў рыбгасе «Волма» ў Чэрвеньскім раёне (Мінская вобласць). 

«Страказу я ўбачыў акурат на дарозе, — расказвае арнітолаг. — Справа ў тым, што род Sympetrum не заўсёды трымаецца вады: ім падабаюцца палянкі, узвышшы. Хутка сфатаграфаваў і спачатку не прыдаў асаблівай увагі. Пазней разгледзеў фотаздымак і зразумеў: гэта новы від. Насамрэч адкрыццё можна лічыць запозненым: у Латвіі, напрыклад, гэты від зарэгістраваны яшчэ ў 2009 годзе. Напэўна, і ў нас гэтая страказа была раней, але на гэта не звярталі дастатковай ўвагі, спецыялістаў няшмат». 

Гэты від стракоз адметны тым, што ў некаторыя гады здзяйсняе інвазію ў паўночныя арэалы. «Напэўна, 2015-ты стаў годам інвазіі гэтай страказы ў Беларусь: від адзначаны ўжо ў некалькіх месцах, — паведамляюць ў АПБ. — 5 чэрвеня з'явіліся звесткі пра аднаго самца на рыбгасе «Чырвоная Зорка» ў Жыткавіцкім раёне, 6 чэрвеня тры маладыя самкі і адзін дарослы самец былі адзначаныя ў Маларыце на возеры Ваенным». 

Да гэтага моманту ў Беларусі было адзначана 64 віды стракоз, восем з іх знаходзяцца ў Чырвонай кнізе краіны. Апошні раз новы від стракоз (Anax parthenope) быў выяўлены ў 2009 годзе ў Бярэзінскім біясферным запаведніку. «Калі параўнаць з птушкамі, якіх у Беларусі сустракаецца 325 відаў, то стракоз у нашай краіне ў пяць разоў менш, чым птушак. Таму кожнае адкрыццё ў свеце беларускіх стракоз вельмі каштоўнае», — падкрэсліваюць ў АПБ. 

Арганізацыя запрашае далучацца да назірання за стракозамі ўсіх ахвотных. Для гэтага трэба зрабіць як мага больш якасных фота ўбачанай страказы і загрузіць іх на сайт «Біяразнастайнасць Беларусі», эксперты якога дапамогуць вызначыць від насякомага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?