Сёння Аляксандр Лукашэнка нарэшце прызначыў міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Гэта пасада была вакантнай ад снежня мінулага года, калі ў адстаўку быў адпраўлены Уладзімір Цалко.

Новым міністрам стаў 54-гадовы Андрэй Каўхута, які да гэтага часу ўзначальваў РУП «Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі» пры Міністэрстве прыродных рэсурсаў.

Андрэй Каўхута нарадзіўся ў лістападзе 1960 года ў Магілёве. Скончыў БДУ (1983). Ад 1983 да 2004 года працаваў Інстытуце геалогіі Акадэміі навук Беларусі. Пасля перайшоў на працу ў Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя.

Мы патэлефанавалі акадэміку Радзіму Гарэцкаму, каб ён даў характарыстыку свайму калегу.

«Андрэй — гэта мой вучань, — адразу кажа Радзім Гаўрылавіч. — Вельмі энергічны чалавек, добра гаворыць. Мне здаецца, што ягоная кандыдатура цалкам пасуе на ролю міністра. Ён кандыдат навук, цяпер піша доктарскую. Мог бы і раней абараніцца, але чынавенскія справы крыху адцягвалі ўвагу. Тэма ягонай доктарскай «Асадачныя басейны Беларусі».

«Насамрэч я даўно прадказваў, што Андрэй Каўхута пойдзе наверх. Але праблем у яго будзе нямала, — працягвае Радзім Гарэцкі. — Нават у геалогіі навесці парадак будзе няпроста. Так атрымалася, што сёння пры Акадэміі навук геалогіі амаль не засталося, усё пры Міністэрстве, а гэта не вельмі добра. Можна сказаць, што яму не пазайздросціш».

Сам Андрэй Каўхута з інтэлігентнай сям’і. Ягоная маці (бацькі ўжо памерлі) была літаратуразнаўцай, а бацька Марлен Каўхута — таксама геолагам, працаваў у Акадэміі навук, выкладаў у Мінскім педуніверсітэце.

А ці прыязна новы міністр ставіцца да беларускай мовы? «Ён вельмі добра гаворыць па-беларуску. Не так многа спецыялістаў-геолагаў гэтак жа свабодна размаўляюць на роднай мове. Нават больш скажу, калі мы разам выкладалі на геафаку БДУ, то Андрэй Каўхута чытаў лекцыі па «Геатэктоніцы» і «Структурнай геалогіі» на беларускай мове», — расказвае Радзім Гарэцкі.

Сапраўды, няцяжка знайсці навуковыя дапаможнікі, напісаныя Андрэем Каўхутам па-беларуску: «Структурная геалогія: дапаможнік для студэнтаў геаграфічнага факультэта», «Тэктоніка Паўночна-Прыпяцкага пляча» і іншыя.

Добрыя ўспаміны пра колішняга выкладчыка захаваў і сустаршыня хрысціянскіх дэмакратаў, выпускнік геафака Павел Севярынец. «Чалавек шчыры, глыбока беларускі. Калі ён толькі пачынаў выкладаць, то адчувалася, што ягоная беларуская мова даволі кніжная. Але ён удасканальваў яе і ўпарта працягваў чытаць складаную тэхнічную дысцыпліну па-беларуску. Гэта валявы і адкрыты чалавек», — кажа Севярынец.

Пытанне, ці будзе калі-небудзь Каўхута выкарыстоўваць беларускую мову і на высокай дзяржаўнай пасадзе?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?