«На сённяшні дзень я бачу два пытанні, якія з'яўляюцца найбольш вострымі для Мінска, — гэта знос прыватнай забудовы і капітальны рамонт жылля. Менавіта з гэтымі пытаннямі часцей за ўсё звяртаюцца да мяне мінчане», — канстатавала намеснік прэм'ер-міністра Наталля Качанава ў час прыёму грамадзян у адміністрацыі Савецкага раёна.
На прыём да віцэ-прэм'ера ў адміністрацыі Савецкага раёна прыйшлі адразу два жыхары прыватнага сектара па праездзе Валачаеўскім. Наталля Качанава даручыла мясцовым уладам прывесці ў парадак тэрыторыю прыватнага сектара. «Нягледзячы на тое, што гэта тэрыторыя перспектыўнай забудовы, людзі павінны жыць у дастойных умовах. Таму ў прыватным сектары неабходна прывесці ў належны выгляд дарогу, устанавіць кантэйнеры для збору смецця», — падкрэсліла намеснік прэм'ер-міністра.
Таксама Наталля Качанава яшчэ раз нагадала аб тым, што ўсе адміністрацыі раёнаў павінны весці растлумачальную работу з насельніцтвам Мінска, расказваць аб тым, як будзе развівацца горад у далейшым, дзе знаходзяцца перспектыўныя раёны забудовы.
Усяго віцэ-прэм'еру паступіла восем зваротаў. Пытанні датычыліся рассялення і рэгістрацыі дамоў, вяртання кватэры ў праектны стан, гукаізаляцыі жылога памяшкання, выплаты аліментаў.
Віцэ-прэм'ер ужо выслухала праблемныя пытанні жыхароў шасці раёнаў сталіцы, у хуткім часе прыёмы адбудуцца ў адміністрацыях Цэнтральнага, Ленінскага і Фрунзенскага раёнаў.





