Лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі (ЛДПБ) Сяргей Гайдукевіч у чацвёрты раз збіраецца ўдзельнічаць у прэзідэнцкай гонцы. Хто ж ён такі? «Наша Ніва» расказвае гісторыю жыцця палітыка, якая дазваляе скласці ўяўленне пра ягоную асобу.

Падчас падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, фота Ірыны Арахоўскай

Падчас падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, фота Ірыны Арахоўскай

Ранейшыя спробы пазмагацца за другое месца на выбарах плёну не давалі. На перамогу палітык не прэтэндаваў ніколі, Лідзія Ярмошына давала яму 2—3% галасоў.

«Няма ў вас іншых кандыдатаў, я мацнейшы за іх усіх», — задаецца Гайдукевіч. Калі прамовіць гэтую мантру сто разоў, можа, паверыш у яе сам?

Гайдукевіч — «няўлоўны Джо» беларускай палітыкі. Яго і ягоную партыю мала хто ўспрымае ўсур’ёз. Місія палітыка — прадухіліць магчымы байкот і стаць спарынг-партнёрам Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўніка дзяржавы Гайдукевіч публічна не крытыкуе.

Стартавы капітал

З’яўленне Гайдукевіча ў вялікай палітыцы многія звязваюць з асобай ягонай маці. Спадарыня Галіна была топ-чыноўніцай у часы БССР — узначальвала Мінскае абласное аддзяленне Дзяржбанка СССР, а ў 1990-я кансультавала Нацбанк. Бацька Васіль быў вайскоўцам, і спачатку сын пайшоў па ягоным шляху.

Сяргей скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча і на 15 гадоў аказаўся ў войску. Некаторы час, у 1980-я, яму давялося папрацаваць у Іраку — гэтыя сувязі яму яшчэ спатрэбяцца падчас палітычнай кар’еры.

У 1991 годзе Гайдукевіч уладкаваўся ва ўпраўленне нацыянальнай бяспекі Дзяржсакратарыята, а праз год узначаліў наваствораны саўмінаўскі камітэт па сацыяльнай абароне сілавікоў.

Тады ж палітык «здолеў аб’яднаць 28 палітычных партый і грамадскіх рухаў у беспрэцэдэнтны па моцы і ўплыве палітычны блок «Народны рух Беларусі» (цытата з сайта ЛДПБ). Гэта было аб’яднанне рэакцыянераў.

Былы дэпутат Вярхоўнага савета Сяргей Навумчык узгадвае, што рух спрабаваў арганізаваць рэферэндум аб статусе расійскай мовы як дзяржаўнай. Гайдукевіч адмаўляе гэта.

Будні працы ЛДПБ

Ад пачатку 1990-х у Расіі актыўнічала Ліберальна-дэмакратычная партыя папуліста Уладзіміра Жырыноўскага. Сваё прадстаўніцтва яна мела і ў Беларусі. У 1994 годзе гэтую прарасійскую сілу было вырашана рэгістраваць як партыю. На чале арганізацыі паўстаў заатэхнік, майстар спорту па каратэ Васіль Крывенка. Гайдукевіч быў ягоным намеснікам, аднак неўзабаве перахапіў лідарства.

Што ўяўляла сабой ЛДПБ сярэдзіны 1990-х? «12% членаў партыі — былыя супрацоўнікі КДБ, больш за 20% — міліцыі», — цытавала Гайдукевіча газета «Свабода». Таксама ў складзе партыі была вялікая колькасць казакоў на чале са сваім атаманам, актыўна прымалі «ліберал-дэмакраты» ў свае шэрагі і «афганцаў».

Сябры ЛДПБ займаліся аховай гандлёвага дома «Ждановічы» і часта траплялі ў крымінальныя гісторыі.

Газета «Імя» адзначала, што намеснік Гайдукевіча Валянцін Карэтнікаў быў асуджаны за вымагальніцтва і незаконнае захоўванне зброі.

Ужо ў канцы 2000-х пасадзілі іншага намесніка старшыні партыі, Уладзіміра Карунаса. Яго затрымалі пры спробе атрымання хабару ў памеры $9 тысяч і асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. «У нас амаль няма партыйцаў, якія б не сядзелі», — тлумачыў Гайдукевіч.

ЛДПБ запомнілася актыўным супрацоўніцтвам з Іракам. Партыйная дэлегацыя за часамі Садама Хусэйна неаднаразова лётала ў Багдад. Якія бізнэс-інтарэсы меў Гайдукевіч на Блізкім Усходзе? Невядома. Калі «Народная воля» напісала, што Гайдукевіч мае перад іракцамі доўг памерам $1 мільён, той падаў у суд на газету і выйграў справу.

Алег Гайдукевіч за стырном свайго ўседарожніка

Алег Гайдукевіч за стырном свайго ўседарожніка

Сямейная драма

А што з асабістым жыццём?

Сяргей Гайдукевіч першы раз пабраўся шлюбам у 1975 годзе. Яму быў 21 год, жонцы Алене — усяго 17. Неўзабаве ў сям’і нарадзіўся сын Алег. Цяпер ён першы намеснік у бацькавай партыі.

А вось другога сына, Васіля, бацька не бачыў ужо 25 гадоў. Як так выйшла?

Сям’я Гайдукевічаў развалілася ў 1989 годзе. Старэйшага сына пакінулі з бацькам, малодшага — з маці.

Па праграме аздараўлення чарнобыльцаў Васіль трапіў у Германію. На наступны год немец, які прыняў хлопчыка, аформіў гасцявую візу яшчэ і ягонай маці.

Алена Гайдукевіч прыехала ў Германію, знайшла там каханне і выйшла замуж. Новы муж узяў на выхаванне і Васіля.

Палітык кажа, што спрабаваў змагацца за сына. Зрэшты, на выніковы суд ён не прыйшоў, і ў ягоную адсутнасць маці дазволілі вывезці хлопчыка.

«Маладосць у галаве іграла, ёй нехта спадабаўся… Я ж не супраць. Значыцца, не лёс», — каментуе Гайдукевіч. Ён кажа, што спрабаваў дабіцца дазволу на сустрэчы з сынам. «Але яна схавала ўсе адрасы, — кажа ён пра былую жонку. — Можаце ўявіць, каб без дазволу бацькі вывезлі — і ўсё, з канцамі?»

А Гайдукевіч пабраўся шлюбам другі раз. Ягоная жонка Ала — з Расіі.

«Прыязджаеш на цягніку з Мінска, потым на Ленінградскі вакзал. Да Цверы на электрычцы ехаць 3,5 гадзіны. А яна з мінскім цягніком не супадае…» — расказваў Гайдукевіч пра сваё каханне.

У Алы падрастала дачка Ганна. Цяпер Ганна ўжо мае ўласную дачку, яны разам жывуць у Аўстрыі, маюць тамтэйшае грамадзянства. Скандальны сайт «Вікілікс» узгадваў яе імя ў сваім расследаванні. Маўляў, Ганна магла адмываць грошы ад гандлю зброяй.

Гайдукевіч адкідвае ўсе абвінавачанні: «Гэта ўсё выдуманая гісторыя. У Аўстрыі моцныя заканадаўства і падатковая служба. Ніякіх парушэнняў у мяне не было. І ўвогуле гэтага нічога не было. Гэта просты піяр».

Сын-намеснік

Старэйшы сын палітыка, Алег, пайшоў працаваць у міліцыю. У 30-гадовым веку ён узначаліў Партызанскае РУУС Мінска, пасля быў пераведзены на такую ж пасаду ў Фрунзенскае РУУС.

Кіраўніком раённай міліцыі Алег Гайдукевіч быў і падчас разгону «маўклівых акцый апладысментаў» у 2011 годзе. Калі людзі ў цывільным цягнулі аўтара гэтых радкоў у аўтобус без нумароў, Алег Гайдукевіч па рацыі загадаў везці затрыманых журналістаў у аддзяленне. «Журналісты? Нічога не ведаю», — рабіў ён здзіўлены выгляд праз пару хвілін.

Сям’я Алега Гайдукевіча — жонка Марыя Валянцінаўна (дзявочае прозвішча — Шухно) і дзве дачкі, Лізавета і Ганна. Валянцін Шухно быў старшынёй Дзяржаўнага камітэта па каштоўных паперах Беларусі. Супадзенне ці не?

Легкавікі і цягачы

Ад пачатку 1990-х Гайдукевіч атрымлівае вайсковую пенсію, у канцы 2000-х дадалася яшчэ і дэпутацкая (быў дэпутатам лукашэнкаўскай палаты прадстаўнікоў). У што палітык укладае грошы?

«Сёння ў Гайдукевіча толькі адна-адзіная машына, і члены маёй сям’і не карыстаюцца ні «Лексусам», ні «БМВ»! У мяне ёсць «Нісан-Максіма» 1998 года выпуску, якім карыстаецца ўся мая сям’я разам са мной. Больш у мяне няма машын!» — расказваў Сяргей Гайдукевіч у 2003 годзе.

Іронія лёсу, але праз два гады ў ягонай дэкларацыі з’явіліся якраз тыя маркі, якіх ён выракся: «БМВ 730» і «Лексус GS-300». «Калі стаў дэпутатам, я даведаўся, што ўсе яны бяруць крэдыт. Я так «Лексус» купіў», — тлумачыў Гайдукевіч. Апроч іх, ва ўласнасці ў палітыка былі два цягачы МАЗ.

А вось ягоны сын Алег катаецца на ўседарожніку «Таёта Секвоя» з рухавіком 5,7 л за $45 тысяч.

Жыве кандыдат у прэзідэнты ў катэджы ў Сёмкаве. Калі Гайдукевіч пачаў выдаваць партыйную газету (выйшла толькі два нумары), юрыдычны адрас рэдакцыі быў зарэгістраваны ў яго дома.

Актуальная інфармацыя аб дабрабыце сям’і Гайдукевічаў будзе апублікаваная, калі ён збярэ патрэбныя 100 тысяч подпісаў.

***

Сяргей Гайдукевіч

Нар. 8 верасня 1954 у Мінску. Cкончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча Войскаў супрацьпаветранай абароны (1976), Вайсковую камандную акадэмію войскаў супрацьпаветранай абароны (1991), юрыдычны факультэт Маскоўскага камерцыйнага інстытута (1997).

У 1976—1991 служыў ва Узброеных сілах СССР, у тым ліку ў складзе групы вайсковых спецыялістаў у Іраку (1982—1983). У 1991—1992 — вядучы спецыяліст ва Упраўленні нацыянальнай бяспекі Дзяржаўнага сакратарыята, у 1992—1994 — старшыня камітэта па сацыяльнай абароне сілавікоў.

Ад 1995 — кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі. Кандыдат у прэзідэнты (2001, 2006). У 2010 зняў кандыдатуру падчас збору подпісаў. Дэпутат палаты прадстаўнікоў (2004—2008).

Жанаты, мае дваіх сыноў і дачку.

Паэт

У 2013 годзе Сяргей Гайдукевіч выдаў кнігу вершаў «Маё жыццё — Беларусь». Кніга выйшла накладам тысяча асобнікаў. Вось адзін з вершаў палітыка:

 «Врагам моего любимого поэта»

Ты на Есенина не капай.
Не дуракам о нем судить,
А ты своею грязной лапой
Его так хочешь загрязнить!

Не ртом твоим гнусавить строки,
Которых ты и не поймешь,
И не кричи, не делай вздохи!
…Не своей смертью умрешь!

Ты глуп! И тупостью своей,
Постигнуть смысла ты не сможешь!
Что был — талантище — Сергей!
А ты! Ублюдок! Что ты можешь?!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?