Камуністычная партыя Украіны не можа быць суб'ектам палітычнага працэсу і ўдзельнічаць у мясцовых выбарах.

Пра гэта заявіў на брыфінгу міністр юстыцыі Павел Пятрэнка.

УНІАН

УНІАН

«Я падпісаў загады, прававым наступствам якіх з'яўляецца тое, што гэтая палітычная сіла і іншыя камуністычныя партыі з сённяшняга дня не могуць быць суб'ектам выбарчага працэсу і не могуць удзельнічаць у мясцовых, агульнадзяржаўных і прэзідэнцкіх выбарах», — сказаў міністр.

Адказваючы на пытанне, ці скасаваная рэгістрацыя КПУ і іншых камуністычных партый, Пятрэнка адзначыў, што, згодна з законам аб дэкамунізацыі, КПУ губляе статус удзельніка выбарчага працэсу.

Па словах міністра, КПУ застаецца ў статусе юрыдычнай асобы да моманту, пакуль суд не скасуе рэгістрацыю. «То бок, гэта ўжо тэхнічнае пытанне», — дадаў ён.

Пятрэнка падкрэсліў, што пасля прыняцця законаў аб дэкамунізацыі Міністэрства юстыцыі сфармавала незалежную камісію, якая праводзіла праверку на адпаведнасць трох камуністычных партый ва Украіне — КПУ, Кампартыі (абноўленай) і Камуністычнай партыі рабочых і сялян. «На падставе працы камісіі былі ўхваленыя высновы, якія згодна з законам былі прадстаўленыя Міністэрству юстыцыі для прыняцця канчатковага рашэння», — сказаў міністр.

«Я падпісаў тры загады, якія прызнаюць, што кампартыі Украіны ў сваёй дзейнасці, найменні, у сімволіцы, у статуце, у праграме не адпавядаюць патрабаванням ч.2 ст.3 закона «Аб асуджэнні камуністычнага і нацыянал-сацыялістычнага (нацысцкага) таталітарнага рэжымаў ва Украіне і забароне прапаганды іх сімволікі», — адзначыў Пятрэнка.

Сёння, 24 ліпеня, сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў назваў пазбаўленне Камуністычнай партыі Украіны і іншых камуністычных партый права быць суб'ектам палітычных і выбарчых працэсаў актам гістарычнай справядлівасці.

Лідар КПУ Пятро Сіманенка заявіў, што Камуністычная партыя возьме ўдзел у мясцовых выбарах, якія пройдуць 25 кастрычніка.

«Камуністычная партыя Украіны існуе і будзе існаваць. Таму мы, натуральна, гатовыя, у нас ёсць канцэптуальная і зацверджаная стратэгія ўдзелу Кампартыі ў выбарах», — сказаў Сіманенка і дадаў, што КПУ мае намер вылучаць сваіх кандыдатаў на мажарытарных акругах у выпадку, калі партыю забароніць суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?