Беспрацоўны з пісталетам спрабаваў скрасці выручку з касы крамы ў Мінску, але быў затрыманы ўчастковым міліцыянтам.

Як паведамляе аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязей ГУУС Мінгарвыканкама, познім вечарам 26 ліпеня ў краму па вуліцы Альшэўскага зайшоў мужчына. Пагражаючы пісталетам, ён запатрабаваў у прадаўца выручку. Перадаўшы налётчыку 990.000 рублёў, што былі ў касе, прадавачка абрала момант і праз службовы ўваход выбегла на вуліцу. Рабаўнік выскачыў следам.

Сведкам гэтага стаў супрацоўнік інспекцыі па справах непаўналетніх Фрунзенскага РУУС, які знаходзіўся паблізу па службовых справах. Убачыўшы міліцыянта, мужчына паспрабаваў уцячы. На патрабаванні інспектара спыніцца і пакласці зброю на зямлю рабаўнік не рэагаваў і працягваў уцякаць, накіроўваючы пісталет у бок супрацоўніка міліцыі.

Інспектар зрабіў папераджальныя стрэлы ў паветра, а потым, паколькі зламыснік не адрэагаваў, прыцэльна стрэліў яму па нагах.

Затрыманаму аказалі медыцынскую дапамогу і даставілі ў Фрунзенскае РУУС. 44-гадовы беспрацоўны з Віцебска аказаўся нецвярозы. Высветлілася, што ён ужо быў судзімы — за незаконныя дзеянні з падробленымі дакументамі, не раз прыцягваўся і да адміністрацыйнай адказнасці.

У дачыненні да затрыманага распачатая крымінальная справа па частцы 1 артыкула 207 («Разбой») Крымінальнага кодэкса Беларусі, яму пагражае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?