Працоўныя пенсіі ў Беларусі 1 верасня павялічацца ў сярэднім на 5%. Гэта прадугледжана ўказам № 352 «Аб павышэнні пенсій», які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 13 жніўня. 

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, «дакументам прадугледжваецца ажыццявіць з 1 верасня 2015 года карэкціроўку фактычнага заробку пенсіянераў і пераразлік працоўных пенсій». 

Як паведамляў БелаПАН, на нарадзе па пытаннях сацыяльнага забеспячэння 24 ліпеня Лукашэнка даручыў знайсці магчымасць для павышэння пенсій на 5% з 1 верасня. Міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна наконт гэтага адзначыла: паколькі тэмпы росту зарплаты ў краіне ўвязаныя з прадукцыйнасцю працы, адпаведна і паступленні ў фонд сацабароны ідуць больш павольна і ў больш нізкіх памерах, чым планавалася пры фарміраванні бюджэту на 2015 год. Разам з тым, дадала яна, на працягу паўгода пенсіі не пераразлічваліся. 

З пачатку 2015 года рэальны памер пенсій (разлічаных з улікам інфляцыі) знізіўся. Так, паводле звестак Белстата, у студзені гэта паказчык паменшыўся на 2% у параўнанні з папярэднім месяцам, лютым — на 1,4%, сакавіку — на 0,8%, красавіку — на 0,9%, маі — на 0,6%. Пры гэтым намінальны памер пенсій на працягу гэтага перыяду не мяняўся. У маі сярэдні памер пенсій па ўзросце склаў 2 млн. 749,3 тыс. рублёў, па інваліднасці — 2 млн. 432,8 тыс. рублёў, у сувязі са стратай кармільца — 1 млн. 782,9 тыс. рублёў, сацыяльных пенсій — 1 млн. 335,7 тыс. рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?