Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў тэлеканал «Беларусь 1» запускае праект аб станаўленні беларускай дзяржаўнасці.
Як паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі, тэлевізійны дакументальны серыял аб найноўшай беларускай гісторыі «Мы — беларусы», прысвечаны станаўленню і развіццю беларускай дзяржаўнасці, інстытутаў улады і грамадзянскай палітычнай нацыі, стартуе 7 кастрычніка. Дакументальны цыкл складаецца з трох фільмаў. Кожная серыя прысвечана асобнай сферы: палітыцы (знешняй і ўнутранай), эканоміцы і развіццю сацыяльнай сферы.
«У новым праекце мы пастараемся больш падрабязна і дэталёва прааналізаваць палітычнае, эканамічнае і сацыяльнае развіццё нашай краіны за апошнія два дзясяткі гадоў. Сутнасць праекта таксама ў супрацьпастаўленні — у тым, каб нагадаць і паказаць, у тым ліку і новаму пакаленню беларусаў, якой была краіна ў 90-я, з якіх пазіцый прыйшлося стартаваць маладой дзяржаве», — цытуе прэс-служба галоўнага дырэктара Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі, кіраўніка праекта Івана Эйсманта.
Прэзідэнцкія выбары адбудуцца ў Беларусі 11 кастрычніка, датэрміновае галасаванне пачынаецца 6 кастрычніка.