Сікорскі быў наіўны, ён недаацэньваў Лукашэнку, піша былы пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка ў надзвычай шчырым як для дыпламата артыкуле ў газеце «Жэчпасполіта». Лукашэнка — палітык спраўны, кажа ён, але нам з ім не па дарозе.

Палітыка ў дачыненні да Беларусі павінна быць прадуманая, карэктная і паслядоўная, заключае ён.

Рашэнне пра пачатак прамых перамоваў з Лукашэнкам прыняў асабіста міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі на фоне чарговага акта канфлікту вакол Саюза палякаў Беларусі (адносна Дома Польскага ў Івянцы).

«Калі мы сыходзім з таго, што з суседзямі трэба размаўляць, то рашэнне было правільным, — піша пасол Шарэпка. – Цяжка ўявіць размовы з Беларуссю без Лукашэнкі, адзінай асобы, якая прымае ў Беларусі абавязваючыя рашэнні».

Аднак, піша Шарэпка, з палітыкамі кшталту Лукашэнкі трэба гаварыць, маючы ў галаве прынцып «primum non nocere», «не нашкодзь». «Здаецца, у нашым выпадку было інакш, — піша былы пасол. – У нас зыходзілі з таго, што вынік інтэлектуальнай дуэлі выпускніка Pembroke College у Оксфардзе і гістфака Магілёўскага педінстытута перадвырашаны. Досыць уступіць у бой, і поспех гарантаваны», — іранізуе Шарэпка.

«З розных выказванняў тагачаснага шэфа польскай дыпламатыі вынікае, што ён шчыра верыў: ён зможа пераканаць беларускага лідара распачаць працэс дэмакратычных перамен. Сікорскі раіў Лукашэнку выкарыстаць досвед пераходу Польшчы да дэмакратыі. Калі гэта так, то гэта наіўна, — працягвае Шарэпка. — Лукашэнка належыць да ліку тых палітыкаў, якія трымаюцца прынцыпу, што, калі ты ўзяў ўладу, не аддавай яе. Ён упэўнены, што для сваёй краіны ён найлепшы выбар. А тых, хто падгаворвае яго пераняць заходнія ўзоры кіравання, ён лічыць махлярамі».

«Некаторыя мяркуюць, што сапраўдным ініцыятарам «адкрыцця да Беларусі» быў нябожчык Ян Кульчык, які хацеў збудаваць у Зэльве (Гродзенская вобласць) электрастанцыю на польскім вугалі.

Ён пераконваў урады, перадусім польскі ўрад, што такая вялікая (больш як на мільярд даляраў) інвестыцыя павінна прывесці да ўзмацнення адносін і ў іншых галінах. Прычым, як аказалася, схема функцыянавання ЦЭС была задуманая такім чынам, што, урэшце, адзіным бенефіцыянтам меў стаць сам Кульчык. Беларусы прыкінулі і выбралі атамную энергетыку.

Першае спатканне Лукашэнка–Сікорскі адбылося 25 лютага 2010 года ў Кіеве на інаўгурацыі Віктара Януковіча. Сікорскі спецыяльна паляцеў туды, бо на ўласна самой цырымоніі Польшчу рэпрэзентаваў прэзідэнт Лех Качыньскі.

Польскі бок не паклапаціўся пра ўзгадненне тэхнічных пытанняў адносна перамоў, напрыклад, удзелу СМІ. Мы трымалі месца спаткання ў таямніцы, а беларускі бок прывёз туды сваё тэлебачанне, і прыйшлося ў аўральным парадку дастаўляць туды польскіх журналістаў. Галоўнае пасланне сфармуляваў Лукашэнка, які сцвердзіў, што ў польска-беларускіх адносінах няма ніякіх сур'ёзных праблем (што было няпраўдай), а палякі ў Беларусі – гэта ягоныя выбаршчыкі, пра дабрабыт якіх ён увесь час дбае. У пытанні Саюза палякаў Беларусі ён выразна цягнуў час.

Другое спатканне адбылося ў няўдалы момант — 2 лістапада 2010 года ў Мінску ў часе перадвыбарнай кампаніі.

Сікорскаму ўдалося ўгаварыць паехаць разам шэфа нямецкай дыпламатыі Гвіда Вэстэрвеле. Кожнаму чалавеку, знаёмаму з асаблівасцямі беларускага палітычнага працэсу, было абсалютна ясна, што, незалежна ад таго, што будуць гаварыць шаноўныя госці, іх візіт паднясуць і ўспрымуць як знак падтрымкі дзейнага прэзідэнта.

Сікорскі сутыкнуўся са значным супрацівам ва ўласным міністэрстве. Лукашэнку той візіт павінен быў павесяліць. Доўгая тырада на тэму перавагі лесбіянак перад геямі, у прысутнасці міністраў-гасцей, увойдзе ў гісторыю дыпламатыі», — іранізуе Шарэпка.

Пасля была Плошча, а кандыдаты ад апазіцыі апынуліся ў турме.

«Такі вынік флірту з Лукашэнкам быў непрыемным сюрпрызам для некаторых палітыкаў у Еўропе. Асабліва ўзлавалі тыя, хто найбольш заінвеставаў у развіццё кантактаў з лідарам Беларусі. У першым шэрагу крытыкаў аказаўся і Сікорскі. Тагачасны шэф польскай дыпламатыі не вагаючыся параіў Лукашэнку, каб той трымаў напагатове самалёт, бо яго можа чакаць канец Муамара Кадафі. Цікава, ці думаў міністр замежных спраў, калі такім чынам кампенсаваў сваю фрустрацыю, як такая актыўнасць паўплывае на бяспеку і эфектыўнасць працы польскіх дыпламатаў у Беларусі?» – пытаецца Шарэпка.

Варта адзначыць, што Сікорскі ў 2014 годзе сышоў з пасады міністра замежных спраў, а ў 2015-м – і з пасады маршалка Сойма Польшчы. На выбарах 25 кастрычніка гэтага года правацэнтрысцкая «Грамадзянская платформа», да якой належыць Сікорскі, найхутчэй што прайграе кансерватыўнай партыі «Закон і справядлівасць».

«Мы суседзі, у нас супольная гісторыя, а ў Беларусі жыве польская меншасць – усё гэта робіць Беларусь занадта важнай для нас краінай, каб мы праводзілі ў адносінах да яе легкадумную палітыку (politykę romansową), — падсумоўвае Шарэпка. — Палітыка да Беларусі і да яе грамадзян павінна быць прадуманая, карэктная і паслядоўная.

Нельга недаацэньваць Лукашэнку — ён спраўны палітык. І я глыбока перакананы, што нават калі нейкі час мы будзем з ім ісці поруч, у канчатковым рахунку нам з ім не па дарозе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?