У апошнія месяцы найбуйнейшы мінскі кабельны аператар МТІС мадэрнізуе свае тэлевізійныя сеткі. Прычым самыя танныя пакеты тэлепраграм аказваюцца недаступныя для абанентаў, а кошт паслуг вырастае ў некалькі разоў.

Раней мінімальны пакет каналаў («Сацыяльны», 8 каналаў) каштаваў менш за 10 000 рублёў у месяц. Пасля мадэрнізацыі абанентам прыйдзецца перайсці на пакет «Пашыраны», які абыдзецца ў 60 060 рублёў штомесяц. Каналаў стане нашмат больш — 60 лічбавых і 55 аналагавых. Адмовіцца ад змен будзе вельмі складана.

«Абаненты, якія не хочуць глядзець 55 тэлепраграм, могуць набыць фільтр, які дазволіць глядзець 25 тэлепраграм па цане 24 060 рублёў у месяц, — тлумачаць прадстаўнікі МТІС. — Каштуе ён 288 000 і акупіцца за 9 месяцаў».

Фільтр усталююць на размеркавальным шчыце на лесвічнай пляцоўцы. Тым, хто не згодны з такім варыянтам, прапануюць скарыстацца паслугамі іншых аператараў або адмовіцца ад кабельнага тэлебачання. Зразумела, людзям значна прасцей пагадзіцца з новымі ўмовамі МТІС, чым шукаць нейкі іншы варыянт, які, да таго ж, наўрад ці будзе танней.

Праўда, для пенсіянераў ёсць асобнае рашэнне: усталяваць фільтр яны могуць са зніжкай і заплаціць за паслугу не 288 000 рублёў, а толькі 15 тысяч.

«Каб скарыстацца дадзенай зніжкай, пенсіянеру неабходна звярнуцца ў Цэнтр абслугоўвання абанентаў альбо ў раённыя ўчасткі абслугоўвання абанентаў, — тлумачаць у МТІС. — Пры сабе неабходна мець копію асабовага рахунку, арыгінал і копію адпаведнага пасведчання (пенсійнае) і копіі дакументаў, якія пацвярджаюць адсутнасць факту сумеснага пражывання працаздольных сваякоў».

Мадэрнізацыя праходзіць у Мінску паступова па раёнах. Шмат хто з абанентаў даведваецца пра змены з абвестак, знойдзеных у паштовых скрынях, да некаторых прыходзяць агенты, якія прапануюць перазаключыць дамову. У МТІС пацвердзілі, што з часам плануюць правесці мадэрнізацыю сетак ва ўсіх раёнах горада.

— Мы апавясцілі ўсіх нашых абанентаў, каб яны прынялі рашэнне — будзе 25 каналаў або 55, — тлумачаць у даведачнай службе аператара. — Вы маеце поўнае права праглядаць гэтую колькасць каналаў альбо не.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?