Банкаматы ў сувязі з дэнамінацыяй, якая аб'яўлена ў Беларусі з 1 ліпеня 2016 года, замяняць не плануецца. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення развіцця лічбавых банкаўскіх тэхналогій Нацыянальнага банка Беларусі Аляксандр Сотнікаў.

«Думаю, што замяняць банкаматы ніхто не будзе. Атрымаўшы інфармацыю ад Нацбанка аб правядзенні дэнамінацыі, безумоўна, ужо ўсе беларускія банкі пачалі работу па перанастройцы праграмнага забеспячэння і набыцці неабходных расшырэнняў, каб працаваць з новымі купюрамі», — сказаў прадстаўнік Нацбанка.

Аляксандр Сотнікаў выказаў меркаванне, што з 1 ліпеня наступнага года адпаведныя прылады будуць выдаваць у першую чаргу дэнамінаваныя купюры. «З пункту гледжання банкаматнай логікі, думаю, што ў кожным канкрэтным банкамаце будуць загружаны банкноты або дэнамінаваныя, або не. Наўрад ці будуць выкарыстоўвацца і тыя і другія купюры адначасова», — выказаў меркаванне кіраўнік галоўнага ўпраўлення.

Адказваючы на пытанне, якія будуць затраты ў сувязі з гэтым, Аляксандр Сотнікаў адзначыў: «Не гатовы сказаць. Я думаю, што затраты будуць адэкватныя, не вельмі вялікія».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?