Агульналекарская практыка будзе ўкараняцца ў Беларусі паўсюдна, заявіла на прэс-канферэнцыі 11 лістапада намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі, начальнік аддзела пярвічнай медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Людміла Жылевіч. 

Паводле яе слоў, цяпер для гэтага праводзіцца перанавучанне ўчастковых тэрапеўтаў. «Мы пачынаем праграму ў першую чаргу з навучання. Мы вучым іх пасля працы, мы вучым іх па-за працай, бяром на курсы», — сказала яна. 

Як растлумачыла спецыяліст, доктар агульнай практыкі мае пашыраныя магчымасці ў параўнанні з участковым тэрапеўтам. «Яго табель аснашчэння адрозніваецца ад участковага тэрапеўта, таму што ён можа выконваць і часткова хірургічныя маніпуляцыі, маніпуляцыі, звязаныя з афтальмалагічнай практыкай, ЛОР-практыкай, у яго пашыраныя веды ў галіне неўралогіі і іншых тэрапеўтычных спецыяльнасцяў», — адзначыла яна. 

Магчымасці доктара агульнай практыкі дазваляюць у канчатковым выніку даць пацыенту той комплекс паслуг, які пазбавіць яго ад неабходнасці звяртацца ў цэнтральную раённую бальніцу па кансультацыю вузкага спецыяліста, сказала Жылевіч. Хоць у выпадку неабходнасці, паводле яе слоў, доктар можа накіраваць пацыента «на любы ўзровень аказання дапамогі», у тым ліку рэспубліканскі. 

Акрамя таго, адзначыла спецыяліст, апошнія тры гады ў краіне праводзіцца праца па стварэнні каманд у межах участковай службы, якія складаюцца з доктара агульнай практыкі, памочніка доктара і медыцынскай сястры. Памочнік доктара ў гэтым выпадку бярэ на сябе частку абавязкаў участковага тэрапеўта. Гэта спецыяліст з сярэдняй спецыяльнай медыцынскай адукацыяй, які можа самастойна весці прыём пацыентаў, працуе на даму з хранічнымі пацыентамі і ў выпадку неабходнасці выклікае да іх доктара агульнай практыкі, растлумачыла прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя. 

Спецыяліст не змагла адказаць, калі будзе завершана праца па стварэнні такіх участковых каманд. «Як толькі будзе дастатковая колькасць памочнікаў доктара, каб яны запоўнілі ўчастковую службу. На жаль, гэта адбудзецца не за адзін дзень», — сказала яна. 

Паводле слоў галоўнага пазаштатнага спецыяліста па пярвічнай медыцынскай дапамозе галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама Ірыны Лобах, да 2017 года на працу па прынцыпе доктара агульнай практыкі плануецца перавесці прыкладна 97% сельскіх амбулаторый Мінскай вобласці. Цяпер дактары агульнай практыкі працуюць прыкладна ў 73% сельскіх амбулаторый вобласці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?