Расея перадусім

Палітолягі i сацыёлягi аднагалосна лiчаць, што самы важны знадворны фактар, якi вызначае беларускую палiтыку, — дачыненьні з Расеяй. I складаныя асабiстыя дачыненьнi Лукашэнкi ды Пуцiна гэтаму не перашкода. Але праз тое, што беларускi рэжым строга кантралюе эканомiку, супрацоўнiцтва памiж дзьвюма краiнамi будзе ў асноўным разьвiвацца ў вайсковай сфэры. Зрэшты, гэта задавальняе Лукашэнку, якi разьвiвае эканамiчныя сувязi ня ў цэлым з Расеяй, а зь яе рэгiёнамi, якiя маюць вялiкую ступень незалежнасьцi ў пытаньнях замежнага гандлю. Перамога Аранжавай рэвалюцыi ва Ўкраiне выклiкала шок у расейскiх элiт i ўзьняла сярод iх папулярнасьць Лукашэнкi як «моцнага арэшка».

Расея падтрымае апазыцыю?

Пакуль сытуацыя ў Беларусi не замiнае дачыненьням ЭЗ ды Расеi. Таму апошняя наўрад цi будзе спрыяць скiданьню рэжыму. Але ўсё можа зьмянiцца, калi Расея ўвойдзе ў Сусьветную гандлёвую арганiзацыю, асабліва калi вырашэньне сытуацыi ў Беларусi зробіцца адной з умоваў сяброўства Расеi ў СГА. Такога дзівоснага варыянту беларускія аналітыкі не выключаюць. Таму экспэрты лiчаць, што Масква трымае ў кiшэнi варыянт супрацоўнiцтва з апазыцыяй у 2006 г., пагатоў гэта можа адчыніць перад ёй цiкавыя магчымасьцi. Па-першае, супрацоўнiцтва Расеi з апазыцыяй можа аслабiць супрацоўнiцтва памiж ЭЗ ды ЗША ў пытаньнi дэмакратызацыi Беларусi. Па-другое, Расея можа нават пасварыць мiжсобку эўрапейскiя краiны паводле стаўленьня да беларускага пытаньня.

Шэраг рэспандэнтаў выказалi меркаваньне, што Расея можа падтрымаць альтэрнатыўнага кандыдата, калi ён гарантуе абарону яе геапалiтычных i эканамiчных iнтарэсаў. Разам з тым экспэрты адзначаюць, што такi кандыдат будзе мець мала шанцаў перамагчы на выбарах. Многiя рэспандэнты мяркуюць, што Лукашэнка мае дастаткова моцную падтрымку ўнутры краiны, каб ня мець пiльнай патрэбы у дадатковай дапамозе з боку Расеi. Экспэрты ня вераць у фiнансаваньне апазыцыi з боку расейскiх алiгархаў — на гэта трэбa маўклiвая санкцыя Крамля. Толькi адзiн рэспандэнт выказаў думку пра тое, што ў Расеi ёсьць моцныя групы, якiя маюць пэўны iнтэрас у зьменах у Беларусi.

ЭЗ ня можа i ня хоча

На думку большасьцi рэспандэнтаў, ЭЗ ня мае нi магчымасьцi, нi жаданьня спрыяць зьменам у Беларусi. Незалежныя экспэрты назвалi эўрапейскую дапамогу неэфэктыўнай. Рэспандэнты ўскладаюць надзею на стварэньне ў ЭЗ «прабеларускай каалiцыi», чыё ядро могуць скласьцi Польшча, Чэхiя, Славаччына ды краіны Балтыі, да якiх пазьней далучацца i некаторыя старыя сябры ЭЗ (хутчэй за ўсё — Нямеччына, Швэцыя, Данiя i Брытанiя).

Большасьць экспэртаў указваюць на патрэбу ў захаваньнi супрацоўнiцтва ў рамках Адзiнай эканамiчнай прасторы нават пасьля сыходу Лукашэнкi — шанцы на iнтэграцыю ў ЭЗ у Беларусi ў наступныя 15 год мiзэрныя. Гэтая думка аналітыкаў выклікае жаданьне паспрачацца, асабліва калі ўлічыць дынаміку адносінаў ЭЗ зь якойсьці Македоніяй.

Перамога безь перамогi

Надзей на Аранжавую рэвалюцыю экспэрты ня маюць. Многiя зь iх указваюць на тое, што дзякуючы прапагандзе Ўкраiна зрабiлася для беларусаў хутчэй страшылкай, краiнай-няўдахай. Хоць гэта, бадай, сіла ўплыву лукашэнкаўскай прапаганды на іх саміх.

Але экспэрты ня лiчаць абавязковай ня толькi рэвалюцыю, але нават i перамогу на выбарах-2006. На iх думку, апазыцыi будзе дастаткова атрымаць падтрымку 30—35% выбаршчыкаў, каб сьцьвердзiць сябе ў якасьцi рэальнай сiлы. У такiм выпадку нават рэжыму давядзецца зь ёй лiчыцца, а людзi ўбачаць рэальную альтэрнатыву. I тады ўжо можна будзе рабiць пляны на сапраўдную перамогу.

Спаўзаньне ў канфармiзм

Калi апазыцыя ня здолее сьцьвердзiць сябе ў якасьцi рэальнай альтэрнатывы рэжыму, дык схiльнасьць беларусаў да канфармiзму будзе ўзмацняцца.

У грамадзтве расьце страх, да таго ж рэжым купляе ляяльнасьць насельнiцтва ў абмен на адносную эканамiчную стабiльнасьць. Грамадзяне пасіўна прымаюць рэжым, а для маладога пакаленьня, якое ня бачыла нiчога iншага, ён ужо зрабiўся жывой рэальнасьцю. Таму будучыня Беларусi пасьля Лукашэнкi можа адрозьнiвацца ад той, якую ўяўляюць сабе апазыцыйныя лiдэры.

З дапамогай пагрозаў i дабротаў Лукашэнка здолеў разьвiць у кіраўнічай элiты патрыятызм. Яна настолькi баіцца страціць свой дабрабыт, што адмаўляе любыя зьмены — цi то перамогу апазыцыi, цi то канчатковы саюз з Расеяй. Яна, як нiхто iншы, зацiкаўлена ў стабiльнасьцi рэжыму і застанецца пасіўнай нават тады, калi на яе пачне цiснуць грамадзтва. Некаторыя аналiтыкi мяркуюць, што рэжым у тым цi іншым выглядзе працягне iснаваць нават пасьля таго, як сыдзе Лукашэнка.

Паступовае падзеньне рэжыму

Многiя аналiтыкi адзначаюць, што ў грамадзтве ўсё-такi iснуе патэнцыял для зьменаў. I зьдзейсьнiць iх дапамогуць новыя мэханiзмы мабiлiзацыi грамадзтва. Прыклад — дэманстрацыi пасьля рэфэрэндуму 2004 г., якiя былi арганiзаваныя бяз значнай падтрымкi з боку лiдэраў палiтычных партый. Усё большую ролю пачынае адыгрываць i рост «iнтэлектуальнай апазыцыi» ў краiне, а таксама тое, што рэжым зрабiўся аб’ектам палiтычнага гумару i народнага фальклёру, што сьведчыць пра паступовую страту iм сваёй легiтымнасьцi ў вачах грамадзтва.

Аналiтыкi не выключаюць нечаканага разьвiцьця падзей. Рызыку для рэжыму могуць уяўляць нечаканыя эканамiчныя зьмены, напрыклад падзеньне цэнаў на нафту цi рэзкi рост курсу даляра, што не дазволiць рэжыму стрымаць свае абяцаньнi.

Эканамiчная стабiльнасьць можа трапiць пад пагрозу ў выпадку ўваходжаньня Расеi ў СГА, пасьля чаго Беларусi давядзецца набываць энэрганосьбiты па больш высокiх цэнах.

Апазыцыя дрэнная, але рэжым яшчэ горшы

Некаторыя экспэрты ўсё-такi лiчаць зьмены магчымымi. I патэнцыйнымi саюзьнiкамi ў справе вяртаньня краiны да дэмакратыi зьяўляюцца людзi з вышэйшай адукацыяй, сярэдняя кляса i жыхары вялiкiх гарадоў. Якія вераць у лiбэральныя каштоўнасьцi, але зусiм не абавязкова падтрымлiваюць АГП. Яны размаўляюць па-расейску, але не адмаўляюць беларускай мовы i маюць пачуцьцё нацыянальнай годнасьцi. Яны гатовы падтрымаць альтэрнатыву, але ў цяперашні момант ня могуць яе iдэнтыфiкаваць.

Аналiтыкi мяркуюць, што апазыцыя мусiць знайсьцi такi падыход, пры якiм гэтай групе давядзецца падтрымаць апазыцыю хаця б як найменшае зло.

Вузкаглядзтва

Аўтары справаздачы адзначаюць вузкасьць ды павярхоўнасьць поглядаў беларускiх аналiтыкаў што да будучага месца краiны ў Эўропе. Уваходжаньне ў Эўразьвяз разглядаецца як адзiная стратэгiчная мэта. Зусiм мала ўвагi надаецца аналiзу дачыненьняў у рамках краiн ГУУАМ цi пэрспэктывам супрацоўнiцтва Беларусi з Балтыяй. Аналiтыкi мала цiкавяцца праблемамi энэргетычнай бясьпекi краiны.

«Понціс» не бяз подзіву адзначае, што аналiтыкi фактычна не разглядаюць ЭЗ як патэнцыйнага партнэра Беларусi, тым больш як інструмэнт яе дэмакратызацыi, і гэтак шмат рэфлексуюць аб расейскім фактары. Яны амаль махнулi на ЭЗ рукой у пляне падтрымкi зьменаў у краiне. Між тым Эўропа толькі пачынае дзейнічаць на беларускім кірунку.

Памылка экспэртаў

Самае галоўнае, што паказала апытаньне — нашы аналiтыкі могуць памыляцца. За паўмесяца да выбараў адзiнагa кандыдата ад апазыцыi рэспандэнты выказвалi збольшага пэсымiстычныя меркаваньнi. Яны ня верылі, што адзіны кандыдат будзе вылучаны. Але, насуперак меркаваньню абсалютнай большасьцi экспэртаў, Кангрэс прайшоў без эксцэсаў. Вiдаць, нават выдатныя беларускiя палiтолягi нярэдка схiльныя думаць «пад уплывам БТ», што замiнае iм бачыць ясную пэрспэктыву.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0