Вядомыя ўкраінцы выказалі падтрымку беларускім добраахвотнікам, якія са зброяй у руках адстойваюць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.

У адмысловым відэазвароце музыка Алег Скрыпка, музыка і радыё-DJ Сяргей Кузін, тэлевядоўца Ала Мазур і вязень сумлення Міраслаў Марыновіч захапляюцца песняй загінулага Алеся Чаркашына ды дзякуюць воінам-беларусам.

33-гадовы берасцеец Алесь Чаркашын далучыўся да беларускіх добраахвотнікаў у ДУК «Правы Сектар» на пачатку 2015 году пад пазыўным «Тарас». 10 жніўня ён быў цяжка паранены ў баі пад Белакаменкай на Данбасе. Праз 18 дзён хлопец памёр у вайсковым шпіталі. Алесь добра граў на гітары. Уласную песню «Не здавайся!» ён запісаў незадоўга да сваёй смерці. Аднайменную кружэлку і кліп ужо пасмяротна зрабілі сябры Чаркашына. У плытку ўвайшлі студыйныя запісы, два з якіх прысвечаныя вайне ва Украіне. Усе грошы ад продажу дыска перадаюць беларусам, што ваююць у складзе тактычнай групы «Беларусь» і добраахвотніцкіх батальёнаў.

Алег Скрыпка:

«Ад сябе, ад усіх украінскіх музыкаў, ад усіх украінцаў я хачу перадаць гарачыя вітанні хлопцам-беларусам, сябрам, якія ваююць на ўсходзе Украіны. Яны адваёўваюць нашу ўкраінскую свабоду. Я лічу, што людзі, якія там ваююць, — не дзеля нейкіх узнагарод, нават прызнання дзяржавы, бо яе няма – яны героі. А беларусы – гэта ўвогуле супергероі, што на чужой зямлі праліваюць кроў, аддаюць свае жыцці. Нізкі вам паклон і слава вам!»

Сяргей Кузін:

«Год, ці нават болей, як я знаёмы з землякамі, сябрамі, якія ваююць за Украіну. У мяне асабіста нічога акрамя гонару гэта не выклікае. Вось што я хачу сказаць пра музыку гэтага хлопца (на жаль, не паспеў з ім пазнаёміцца, але што зрабіць). Гэта шчырае і сапраўднае. А ўсё астатняе… Я веру: і словам, і таму, што ён зрабіў у гэтай музыцы. І вось як раз самае яскравае пацвержанне таго факта, што музыка робіць чалавека несмяротным. Тыя, хто паліваюць іх брудам, хай хаця б пра гэта падумаюць: нармальныя, дарослыя, маладыя, квітнеючыя людзі па нейкай прычыне – для многіх невядомай – так кардынальна мяняюць сваё жыццё».

Ала Мазур:

«Так не можа быць, так не павінна быць. Гэта поўны абсурд, калі людзі, што былі гатовы за волю Украіны рэальна рызыкаваць жыццём на фронце, цяпер мусяць нагадваць пра сябе. Даць грамадзянства тым, каго за дапамогу Украіне могуць пасадзіць за краты, — па-мойму, найменшае, што мела б зрабіць незалежная дзяржава сваім абаронцам. Я не хачу зараз казаць тым хлопцам «Трымайцеся!». Я хачу сказаць чыноўнікам, якія абыякава жыруюць у сваіх кабінетах: мы гэту тэму не пакінем, і ў вас не атрымаецца закапаць яе ў стосе папер. Паслухала Алеся Чаркашына і ўзгадала. Памятаеце: рэвалюцыю пачынаюць ідэалісты, робяць рамантыкі, а выкарыстоўваюць нягоднікі? Вайна знішчыла цэлае пакаленне шчырых, таленавітых, неабыякавых, светлых людзей. Песні нашага беларускага абаронцы, гэты дыск, трэба слухаць усім. Гэта праўда, за якую заплочана жыццём. А яшчэ раздаць у кожны чыноўніцкі кабінет, каб памяталі: ніякі тылавы пацук не зможа, пакуль ніхто не бачыць, падгрызці тое, што нам удалося адваяваць».

Міраслаў Марыновіч:

«Мяне ўражвае, што каля сотні беларусаў змаглі перамагчы эфект вельмі хлуслівай прапаганды, якая зрабіла з усяго народа калектыўнага фашыста, ворага чалавецтва. Яны не паверылі таму. Яны прыехалі на нашую зямлю і сталі на яе абарону. Алесь Чаркашын прыйшоў дапамагчы ў вайне, але цяпер ён прыйшоў да нас сваёй песняй, у якой вельмі дакладна сказаў, чаму абараняе гэтую зямлю. Гэта вялікі прыклад пабрацімства паміж нашымі народамі».

***

Алег Скрыпка — саліст шырока вядомай групы «Воплі Відаплясава».

Голас вядоўцы ўкраінскага «Радыё Рокс» Сяргея Кузіна добра знаёмы многім беларусам: да 2004 году Сяргей працаваў на «Альфа радыё» ў Мінску. 

Уладальніцу вялікай колькасці тэлеўзнагарод Алу Мазур пазнаюць тыя, хто па кабельным ці спадарожнікавым ТБ глядзіць украінскі канал «1+1». 

Віцэ-рэктар Украінскага каталіцкага ўніверсітэта Міраслаў Марыновіч добра ведае кошт змагання за свабоду. У 1978-м яго асудзілі на 7 год лагераў строгага рэжыму і 5 год ссылкі за «правядзенне антысавецкай агітацыі і прапаганды». Пазней Міраслаў Марыновіч актыўна ўключыўся ў праваабарончы рух у савецкай Украіне. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?