Кіно: «Пра каханне»
Жанр: камедыя
Рэжысёр: Ганна Мелікян
У ролях: Рэната Літвінава, Міхаіл Яфрэмаў, Марыя Шалаева, Васіль Ракша, Юлія Снігір, Уладзімір Машкоў, Аляксандра Борціч
Расія, 115 хв.
Адзнака: 6.

Некалькі самых розных персанажаў і гісторый пераплята- юцца разам. Усе яны пра каханне: маладая пара, якая жыве ў вобразах японскіх анімэ-герояў і ніколі не бачылі адно аднаго без грыму; сакратарка, якая атрымала непрыстойную прапанову ад свайго боса; японка, якая прыехала ў Маскву ў пошуках рускага мужчыны; мастак-графіціст у пошуках прыгажосці; былая жонка, нанятая сваім мужам для незвычайнага задання.

Новая стужка расійскай рэжысёркі армяна-азербайджанскага паходжання, уладальніцы «Залатога мядзведзя» за фільм «Русалка» (2007) Ганны Мелікян узяла галоўны прыз на «Кінатаўры»-2015.

Першапачаткова рэжысёрка зняла дзве кароткаметражкі на тэму кахання, якія хутка набралі шмат пазітыўных водгукаў у інтэрнэце. Вынікам працы стаў поўнаметражны твор па ўласным сцэнары на тую ж тэму.

Фільм сабраў вядомых акцёраў сучаснага расійскага кіно. Рэната Літвінава выканала ролю вядомага псіхолага, якая чытае лекцыю пра каханне. Яе скразная сцэна стварае агульную канву для кожнай з невялікіх, вясёлых і драматычных гісторый. У іх бяруць удзел закаханая дзяўчына-міліцыянт — Раўшана Куркова, арыштаваныя прыхільнікі анімэ — Марыя Шалаева і Васіль Ракша, японская турыстка, закаханая ў Расію,— Міяка Шымамура, знерваваны топ-менеджар — Уладзімір Машкоў, вулічны мастак, закаханы адразу ў дзвюх дзяўчат,— Яўген Цыганоў.

У стужцы зняліся і сапраўдныя касплееры, а японская актрыса спецыяльна для здымак навучылася іграць на гітары.

Фонам для гісторый выступае мітуслівая Масква. Часткай гарадской атмасферы выступаюць песні музыкаў Noize MC і Ёлкі.

Інтэрактыўныя элементы сучаснага жыцця знаходзяць у Мелікян цікавае ўвасабленне: героі актыўна карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі, смайлы і інстаграмныя фота імгненна адлюстроўваюцца на экране.

Стужка ўтрымлівае эратычныя сцэны і мае ўзроставае абмежаванне 18+.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?