14 снежня ў судзе Партызанскага раёна Мінска пачаўся працэс па абвінавачванні ў незаконным абароце наркотыкаў, здзейсненым арганізаванай групай. Санкцыя артыкула прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Сярод пяцярых фігурантаў справы — актывіст «Гавары праўду» Ігар Міхнавец. Ён называе абвінавачванне самадурствам і кажа, што гатовы гэта даказаць.

Паводле абвінавачання, усе пяць падсудных датычныя да распаўсюджвання, а некаторыя і да вырабу наркотыкаў і псіхатропаў. Колькасць закладак, як паказана ў матэрыялах справы, перавышае сотні.

За месяц «мінёр» мог зарабіць каля 40 млн рублёў

Адзін з фігурантаў, мінчук Максім Талмачоў, заключыў дасудовае пагадненне. На працэсе ён падрабязна зачытаў, як зарабляў грошы на наркотыках. Трэба сказаць, што яго гаворка нагадвала хутчэй чырвонадыпломніка юрфака БДУ, чым выпускніка каледжа Белкаапсаюза.

Максім Талмачоў

Максім Талмачоў

Увесну 2014 года малады чалавек страціў працу — рэстаран «Журавінка», дзе ён працаваў афіцыянтам, закрылі. Знайсці легальную працу, па яго словах, за некалькі месяцаў ён так і не змог. На сайце, дзе рэкламуюцца крамы па распаўсюджванні псіхатропаў, яго зацікавіла вакансія «мінёра» у «Al Capone shop». Хлопца задаволілі ўмовы і заробак — за адну закладку абяцалі плаціць па 50 тысяч рублёў.

Доўга над прапановай Талмачоў не думаў, і 15 верасня 2014 года атрымаў першую партыю курыльных сумесяў. Яго дэбют працадаўцы ацанілі ў 2,5 млн рублёў. У сярэднім за дзень Максім паспяваў схаваць у схованках па 30-40 пакетаў. Штомесячны даход пры такім раскладзе павінен быў перавысіць 40 млн рублёў.

«Аператар Al Capone маёй працай быў задаволены — закладкі, якія я пакідаў, практычна не знікалі. Таксама я добра апісваў месца тайніка, кліент без праблем мог яго знайсці, — распавёў у судзе Максім Талмачоў. — Акрамя таго, сам я да наркотыкаў быў абыякавы. Перыядычна спрабаваў курыльныя сумесі, каб не патравіць людзей. Часам нюхаў «Хуткасць», каб узбадзёрыцца, але ўвесь час я не ўжываў».

У кастрычніку 2014 года яму даверылі не толькі раскладваць курыльныя сумесі і псіхатроп «Хуткасць», але і займацца вырабам. Падрабязны рэцэпт яму адправіў Al Capone. Асобу гэтага чалавека следства, дарэчы, не высветліла. Вядома толькі, што ён знаходзіцца за мяжой. Ён жа аплачваў працу Талмачова — спачатку пакідаў грошы ў схованках, потым пералічваў на банкаўскую картку, рэальным уладальнікам якой быў расеец, які добраахвотна прадаў яе людзям Al Capone.

Талмачоў павінен быў перадаваць гатовы прадукт іншым «мінёрам» праз схованкі. Імёны «калегаў» падсудны не ведаў — усё працавалі ананімна. Аднак адно імя ў судзе ён усё-ткі назваў: «Ігар з нікам svoboden-2013». Па матэрыялах справы, гэтае імя належала Ігару Міхнаўцу.

Ігар Міхнавец

Ігар Міхнавец

«Я некалькі разоў пакідаў для яго буйныя партыі курыльных сумесяў — па 200 грамаў», — распавёў Талмачоў. Паводле яго слоў, гэтага аб'ёму хапала прыкладна на 50 доз.

19 лістапада 2014 года Максім Талмачоў адправіўся на «працу» — раскладваць курыльныя сумесі па сховах. На вуліцы Валгаградскай да яго падышлі два супрацоўнікі міліцыі, сказалі, што шукаюць злачынцу па прыкметах і папрасілі паказаць дакументы. Талмачоў не стаў хаваць, што ў яго з сабой наркотыкі. Больш за тое, добраахвотна паведаміў, што дома псіхатропаў яшчэ больш.

«Я раскайваюся. І пагадзіўся супрацоўнічаць са следствам, таму што не хачу больш мець дачынення да распаўсюджвання наркотыкаў, — заявіў ён у судзе. — Проста ў мяне была маленькая дачка, ёй патрэбныя былі сродкі на лячэнне. Іншую працу я тады знайсці не змог».

На пытанне, колькі грошай паспеў зарабіць Талмачоў за тры месяцы такой «працы», ён адказаць не змог. «Al Capone мне яшчэ застаўся павінен, — заявіў падсудны. — Я купляў абутак, аплачваў здымнае жыллё… Не магу сказаць, колькі зарабіў».

На момант затрымання ў яго канфіскавалі тэлефон iPhone 6 і ноўтбук MacBook Air. У 2014 годзе кошт гэтых двух гаджэтаў перавышаў 2 тысячы даляраў.

Нікога асабіста з іншых абвінавачаных па справе Максім Талмачоў не ведаў. Але сваю віну па ч. 4 арт. 328 КК (незаконны абарот наркотыкаў арганізаванай групай) ён прызнаў цалкам.

«У пратаколах няма многага з таго, што я казаў следчым»

Ураджэнец Луганскай вобласці Яўген Крывашапка, які таксама з'яўляецца фігурантам крымінальнай справы, у Беларусь прыехаў у 2013 годзе — на заробкі, нелегальна займаўся будаўніцтвам, рэгістрацыі не меў. Увосень 2014 года застаўся без працы. Як і Талмачоў, знайшоў аб'яву ў інтэрнэце, што ў краму «Al Capone shop» патрабуецца «мінёр».

Гэтая праца яму падыходзіла — першы раз наркотыкі паспрабаваў у 19 гадоў, да затрымання ўжываў «Хуткасць» практычна кожны дзень. Заклад ў 5 млн рублёў, які патрабаваўся для працаўладкавання, Крывашапка пазычыў у Ігара Савіча, ён таксама праходзіць абвінавачаным па справе.

З Ігарам Міхнаўцом Крывашапка пазнаёміўся, калі яны жылі па суседстве ў Бараўлянах. Потым сталі разам здымаць кватэру ў Каменнай горцы. Пра тое, што Яўген вырашыў зарабляць на наркотыках, Міхнавец, па яго ж словах, даведаўся ў канцы кастрычніка.

«Што я тады сказаў табе на гэта? — спытаў ён у Крывашапкі ў судзе. — Я сказаў: «З'явяцца пытанні — будзеш сам адказваць».

З Al Capone Крывашапка камунікаваў праз месенджары. Паколькі з яго тэлефона зайсці ў інтэрнэт было немагчыма, а ноўтбук ён адвёз дачцэ ва Украіну, то карыстаўся тэхнікай Міхнаўца і яго ж акаўнтамі ў сацыяльных сетках.

Украінец у асноўным займаўся расфасоўкай гатовай курыльнай сумесі, але адзін раз Al Capone папрасіў яго зрабіць наркотык — рэагент, спірт і падрабязную інструкцыю перадаў праз схованку. Правесці аперацыю Крывашапка, як ён сказаў у судзе, вырашыў у кватэры, якую на некалькі дзён зняў для Міхнаўца — на той момант прыяцелі ўжо раз'ехаліся.

Падрыхтоўкай наркотыку Яўген займаўся на кухні ноччу 23 лістапада, калі Ігар Міхнавец і яго дзяўчына ўжо спалі. На раніцу Крывашапка паспеў зрабіць каля 20 закладак ў раёне Цны і вярнуцца ў кватэру Міхнаўца.

Бліжэй да абеду Міхнавец адчуў сябе дрэнна, пачаў губляць прытомнасць і паўтараць: «Вы мяне атруцілі!»

«Цяпер я мяркую, што пары рэагента маглі асесці на прадукты, бо я рыхтаваў наркотык на кухні, таму Міхнавец і атруціўся, — адзначыў Крывашапка. — Я сам таксама адчуў недамаганне».

Супрацоўнікі хуткай дапамогі адразу вызначылі, што прычына атручвання — наркотыкі, і заявілі, што будуць выклікаць міліцыю. У гэты момант Крывашапка і дзяўчына Міхнаўца вырашылі хутка пакінуць кватэру, пры гэтым на кухні заставаліся пакеты з курыльнай сумессю, шалі і іншыя прадметы для вырабу наркотыку.

Пакеты з курыльнай сумессю, якія Крывашапка панёс з сабой, ён аддаў прыяцелю Ігару Савічу, якому па-ранейшаму павінен быў 5 млн рублёў. Той курыльныя сумесі прыняў і лішніх пытанняў не задаваў, хоць да гэтага пра «рабоцу» Крывашапкі нічога не ведаў. Забягаючы наперад адзначым, што Савіч сваю віну па ч. 4 арт. 328 КК цалкам не прызнае.

Увечары 26 лістапада 2014 года Яўген Крывашапка быў затрыманы. І яго першыя паказанні моцна адрозніваюцца ад таго, што ён сказаў у судзе.

Менавіта Міхнаўца ён называў адзіным пастаўшчыком наркотыку. Сцвярджаў, што 23 лістапада рабіў курыльную сумесь разам з ім, Савічам і Іллёй Гагарыным, гэта пяты абвінавачаны па справе. Інфармацыю з адрасамі закладак пакідаў ў нататніку Міхнаўца, пра што той пазней паведамляў Al Capone.

На пытанне, чаму яго паказанні так істотна адрозніваюцца, Яўген Крывашапка растлумачыў: «Я пытаўся ў следчага, чаму ў пратаколе няма многага з таго, што я казаў. Ён на гэта усміхнуўся і адказаў: «Мы лепш за вас ведаем, што ўносіць у пратакол». Мяне падвялі, можна сказаць, да такіх сведчанняў. Сказалі, валі усё на Міхнаўца, тады будзе ч. 1 арт. 328 КК, выйдзеш пад падпіску. Гэта ўжо потым мне адвакат сказаў, што тут ч. 3, а не ч. 1, таму ніхто мяне не адпусціць. З нагоды Савіча тое ж самае. Атрымліваецца, і яго абгаварыў. Праўдзівыя паказанні я даў цяпер у судзе».

Ён прызнае, што займаўся вырабам і распаўсюдам наркотыкаў, але адмаўляе датычнасьць да злачыннай групы.

«Калі б тут быў Al Capone і яго аператары, іншая справа. Але мы ніякай арганізаванай групай не з'яўляемся», — заявіў абвінавачаны на судзе.

Міхнавец: праведзена 66 экспертыз, і ні адна не пацвярджае маю вінаватасць па наркотыках

Абвінавачаны Ігар Міхнавец, чыё імя часцей за ўсё гучыць у судзе, яшчэ ў пачатку працэсу папрасіў прыцягнуць у якасці сведкі намесніка галоўнага рэдактара газеты «Народная воля» Святлану Калінкіну. Суд хадайніцтва адхіліў. Але мы пацікавіліся, што Святлане вядома пра падсуднага.

«Ігара Міхнаўца я ведаю завочна па лістах у рэдакцыю, калі былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч адбываў пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі. Міхнавец тады паведамляў журналістам пра ўмовы ўтрымання ў ПК. Потым кантакты перапыніліся, — кажа Калінкіна. — Што тычыцца крымінальнай справы па наркотыках, мяне выклікалі з гэтай нагоды ў Следчы камітэт. Міхнавец пісаў мне ў Фэйсбуку, што гатовы даць нейкую інфармацыю аб супрацьпраўных дзеяннях праваахоўнікаў, якія заахвочваюць гэты бізнэс. Але я тады гэта паведамленне прапусціла. Больш ён мне не пісаў і ўспомніў пра гэта паведамленні толькі тады, калі ён апынуўся пад вартай. Шчыра кажучы, мне здаецца, што ён такім чынам проста хоча прыцягнуць увагу да сваёй справы».

Мікалай Аўтуховіч добра памятае Міхнаўца па калоніі № 5 у Івацэвічах.

«Гэта вельмі актыўны чалавек, які ўвесь час змагаецца за справядлівасць, — кажа ён. — У калоніі ў яго быў асаблівы статус — «валацуга», гэта значыць, з яго меркаваннем зэкі лічыліся. Пры гэтым ён прынцыпова не супрацоўнічаў з адміністрацыяй і падтрымліваў тых, хто змагаўся за свае правы. Ён перадаваў інфармацыю на волю, у тым ліку і журналістам, аб тым, што рэальна адбывалася ў ПК. Ці мог ён быць датычны да наркотыкаў? Не бяруся судзіць. Мы не былі блізкімі сябрамі. Але наогул Ігар вельмі асцярожны чалавек».

Пра мінулае Міхнаўца вядома, што ён чатыры разы быў судзімы: у 1995 годзе — за крадзеж і наўмыснае знішчэнне маёмасці, у 1997-м — за вымагальніцтва маёмасці, у 2000-м — за разбой плюс зноў вымагальніцтва, у 2010-м — за махлярства. Сам прызнае толькі першыя два прысуды.

На пытанне суддзі, ці працаваў ён афіцыйна да ўзяцця пад варту ў 2014 годзе, заявіў: «Так, у кампаніі «Гавары праўду». — Кім? — Грамадскім дзеячам».

Старшыня «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў распавёў, што Міхнавец быў шараговым актывістам: «Не магу сказаць, што ў мяне асабіста было з ім шмат спраў».

На абвінавачванне з нагоды распаўсюджвання наркотыкаў Ігар Міхнавец заявіў, што гэта самавольства: «І я па пунктах гатовы гэта даказаць». Ён будзе дапытаны ў судзе ў бліжэйшыя дні.

«Высокі суд, я прашу занесці маю рэпліку. Калі б я перадаваў наркотыкі Крывашапку, 66 экспертыз, якія праводзіліся па справе, паказалі б мой генатып. Але яго выяўлена не было», — адзначыў Міхнавец.

Акрамя распаўсюджвання наркотыкаў, яго таксама абвінавачваюць у распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў (ч. 2 арт. 343 КК, пазбаўленне волі ад 2 да 4 гадоў). Па гэтым эпізодзе ён часткова прызнае сваю віну. Дарэчы, «УКантакце» на старонцы з яго імем дагэтуль размешчана некалькі парнаграфічных ролікаў.

Судовае разбіральніцтва працягнецца. Наперадзе — допыт абвінавачаных, сведак, экспертаў і вывучэнне пісьмовых матэрыялаў справы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?