16 снежня поўнасцю адкрыты рух па першым участку другой кальцавой аўтамабільнай дарогі вакол Мінска на ўчастку ад аўтамабільнай дарогі Р-28 Мінск — Маладзечна — Нарач да аўтамабільнай дарогі М-6 Мінск — Гродна, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства транспарту і камунікацый. 

Такім чынам, адзначылі ў Мінтрансе, для аўтатранспарту становяцца поўнасцю даступнымі каля 47 кіламетраў новай аўтатрасы, якая аб'яднала віцебскую і гродзенскую шашу. Гэта першы этап узвядзення МКАД-2, які быў падзелены на пяць чэргаў. На першых трох з іх работы былі завершаныя раней — 6 кастрычніка адбылося іх урачыстае адкрыццё з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. 

Як адзначаюць у Мінтрансе, з пускам руху па першым участку МКАД-2 з'явілася магчымасць накіраваць транзітныя патокі з гродзенскага і віцебскага напрамкаў у абход сталіцы. Новая дарога з'яўляецца бясплатнай і ўвядзенне платы за праезд па ёй не плануецца. 

Чатырохпалосная дарога з цэментабетонным пакрыццём адказвае сучасным патрабаванням: па дзве паласы руху ў кожным напрамку, масты і пуцеправоды, якія падзяляюць транспартныя патокі, двухбаковая бар'ерная агароджа па восі дарогі для выключэння лабавых сутыкненняў, сеткавая загарода ад жывёл уздоўж трасы ў раёне лясных масіваў, светлавыя табло для інфармавання кіроўцаў аб сітуацыі на дарозе і інш. 

Рашэнне аб узвядзенні другой МКАД было прынятае яшчэ ў 2010 годзе, але да актыўнай працы па яе будаўніцтве прыступілі ў 2014 годзе пасля даручэнняў Лукашэнка. Мэта праекта — разгрузіць сталіцу ад транзітнай плыні аўтамабіляў, палепшыць экалагічнае становішча. 

У цэлым будаўніцтва МКАД-2 падзелена на два этапы. Работы па першым з іх ужо завяршаюцца. На другім этапе плануецца пабудаваць дарогу працягласцю 41,4 кіламетра, якая аб'яднае гродзенскую і брэсцкую шашу. Гэтыя работы плануецца завяршыць у 2017 годзе. Усяго агульная працягласць МКАД-2 складзе прыкладна 160 км: новае будаўніцтва — каля 90 кіламетраў, а таксама існуючыя ўчасткі аўтадарог М-1/Е30, М-2 і Р-80 — 70 кіламетраў. 

Заказчыкам будаўніцтва з'яўляецца РУП «Мінскаўтадар-Цэнтр», праекціроўшчыкам — РУП «Белгіпрадар». Работы на аб'екце выконваюць падрадныя арганізацыі холдынгу «Белаўтадар», навукова-тэхнічнае суправаджэнне ажыццяўляе ДП «БелдарНДІ».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?