16 снежня ў судзе Заводскага раёна Мінска абвешчаны прысуд па справе былога выкладчыка аднаго са сталічных каледжаў, які абвінавачваецца ў атрыманні хабару.
Як паведамілі ў судзе, педагог прысуджаны да чатырох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем на пяць гадоў права займаць пасады арганізацыйна-адміністрацыйнага характару.
Нагадаем, паводле звестак следства, 27-гадовы выкладчык спецыяльных дысцыплін на працягу паўтара года выкарыстоўваў службовае становішча ў карыслівых мэтах — вымагаў у навучэнцаў грошы за станоўчыя адзнакі пры здачы экзаменаў і за лабараторна-практычныя заняткі.
Матэрыялы следства сведчылі аб тым, што больш як дзесяць навучэнцаў на рэгулярнай аснове перадавалі абвінавачанаму незаконнае ўзнагароджанне ў рублях і валюце. Памеры хабару складалі ад 150 тыс. рублёў да 100 даляраў ЗША, у залежнасці ад складанасці матэрыялу, што выкладаўся, наведвання заняткаў і колькасці ацэначных балаў. У чэрвені гэтага года супрацоўнікі міліцыі затрымалі выкладчыка з доказамі злачынства пры атрыманні хабару ад групы навучэнцаў у памеры больш як 3,8 млн рублёў.
Службовая асоба абвінавачвалася ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 430 КК (атрыманне хабару паўторна шляхам вымагальніцтва). Накладзены арышт на маёмасць былога выкладчыка.