Як паведамляюць украінскія СМІ, буйны кантракт Мінабароны Украіны, падпісаны ў снежні гэтага года, выйграў новы пастаўшчык мазырскага дызпаліва.

Гэта раней невядомая фірма «Мета ойл», зарэгістраваная летам гэтага года ў Днепрапятроўску са статутным капіталам 1 тыс. грыўняў (43 даляры). Уладальнікам яе лічыцца зусім невядомая да гэтага часу на паліўным рынку Украіны Вольга Жукава.

Як піша ўкраінскае выданне «Нашi грошi», Мінабароны на таргах на электроннай пляцоўцы закупіла ў гэтай кампаніі 5601 тон дызельнага паліва на суму 95 млн 370 тыс. грыўняў (4,1 млн даляраў). «Мета ойл» прапанавала дызпаліва Мазырскага НПЗ, вырабленае 20 студзеня 2015 г., і атрымала перамогу над васьмю іншымі прэтэндэнтамі. СМІ акцэнтуюць увагу, што тэрмін выкарыстання гэтай партыі мінае праз месяц. Некаторыя іншыя ўдзельнікі таргоў таксама прапаноўвалі беларускае паліва.

Як ужо пісаў «Ежедневнік», у канцы 2015 уладальнікі беларускага рэсурсу пасля паўгода ўпартай барацьбы за ўкраінскі рынак дызпаліва выціснулі з яго расійскі прадукт.

Калі пастаўкі дызпаліва з Беларусі на працягу 2015 у сярэднім складалі каля 150 тыс. тон, то ў лістападзе ва Украіну было адгружана 272 тыс. тон. Імпарт паліва з Літвы склаў 92 тыс. тон, Польшчы — 24 тыс. тон, а з Расіі ўсяго 19 тыс. тон.

Такі рэзкі рост аб'ёмаў паставак дызпаліва з Беларусі ўдзельнікі рынка тлумачаць у тым ліку новай схемай, на якую ва ўмовах эмбарга пайшлі пастаўшчыкі з Расіі. З пачатку кастрычніка пастаўкі расійскага дызпаліва ва Украіну пайшлі на змяншэнне з-за эмбарга, уведзенага Федэральнай службай па тэхнічным і экспартным кантролі Расіі. Гэтая служба цяпер выдае дазволы на ўвоз на тэрыторыю Украіны толькі ў тым выпадку, калі ўкраінскія контрагенты пададуць расійскім экспарцёрам даведкі, што дызпаліва, аліва, бутан і інш. не будуць выкарыстоўвацца ў ваенных мэтах.

Пасля ўвядзення забароны вырабленае на расійскіх НПЗ паліва пачало сертыфікавацца ў Беларусі як ПДЭ (паліва дызельнае экспартнае) і адгружацца ва Украіну як беларускі прадукт праз беларускія кампаніі. У ліку пасярэднікаў называюцца «Інтэрсэрвіс» (уладальнікі Аляксандр Шакуцін і Мікола Верабей) і «Энерга-ойл» (Аляксей Алексін).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?