Галоўны ўрач Гомельскай гарадской цэнтральнай паліклінікі Вячаслаў Яшчанка абверг інфармацыю аб дэфіцыце паліва для машын хуткай дапамогі. 

Аб тым, што 23 снежня машыны хуткай дапамогі ў Гомелі амаль паўдня заставаліся без паліва, журналістам паведамілі вадзіцелі машын неадкладнай дапамогі. Паводле іх слоў, з раніцы было выдадзена па 10 літраў бензіну, а на аўтамабілі, якія абслугоўваюць паліклінікі, паліва не далі наогул. 

Аляксандр Рогаў — дырэктар КУП «Аўтабаза хуткай і медыцынскай дапамогі», да якога адносяцца ўсе гомельскія «неадкладныя», растлумачыў здарэнне «цяжкай эканамічнай сітуацыяй у краіне», канцом года і тым, што ў такой сітуацыі вінаватае фінансавае ўпраўленне. «Выдалі бензін на 50—100 км, дастаткова, каб з'ездзіць на выклікі. Транспарту паліклінікі крыху менш далі. Калі было штосьці тэрміновае — вадзіцелі ў гараж прыязджалі, і мы аператыўна знаходзілі ім бензін. Усе з разуменнем паставіліся да сітуацыі, яна з усімі была агаворана», — дадаў ён. 

У сваю чаргу Вячаслаў Яшчанка сцвярджае, што бензін на змену вадзіцелям хуткай выдалі поўнасцю.

«Проста даюць звычайна па 25 літраў, а сёння далі па 15. Пятнаццаць літраў на нашу машыну — гэта работа на 100 км, на тры гадзіны работы гэтага дастаткова, таму што сярэднядзённы прабег у нас — 100-120 км на хуткую. Проста далі без запасу. Па паліклініках доза бензіну была меншай — давалі тым, каму трэба. Каму не хапіла — усіх дазаправілі», — сказаў Яшчанка.

Ён таксама паведаміў, што напярэдадні, 22 снежня, было вырашана пытанне з нафтабазай. «З запраўкай нашай службы без грошай, скажам так, у крэдыт. На 250 мільёнаў у нас ёсць нашы крэдыторскія магчымасці», — адзначыў галоўны ўрач.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?