Субота. Раніца. У краме, дзе звычайна купляю малако і хлеб, чарга па соль і цукар.

Бяруць, колькі хто панесці можа.

Пытаю мужыка, апошняга ў чарзе: «Заўтра вайна?..»

— А хрэн яго, гэтага вусатага, ведае! Можа, і вайна…

Гучна. На ўсю краму. І ніхто не пярэчыць. У сярэдзіне чаргі міліцыянт, маёр стаіць — галаву ў плечы ўнурыў. Маўчыць.

— З кім ваяваць будзем?

— З рускімі.

— Чаго нам з імі ваяваць?

— Не нам з імі, дык ім з намі.

— За што?

— За грошы! Набраў вусаты і не аддае. Дык зямлю забяруць! Вунь ужо тры дывізіі ў Смаленску паставілі, самалёты свае ў Бабруйск прыгналі.

Тут ужо маёр паварочваецца:

— Вы глупости не говорите…

Мужык, ён старэйшы за маёра, выбухае:

— А ты мне рот не затыкай! Што людзі ні скажуць — вам усё глупасці! Я тут па соль па глупасці стаю? Мы ўсе тут па глупасці?..

— Праўда што, — кажа кабеціна паперадзе міліцыянта. — Мудры знайшоўся. Муж дзяржаўны…

Чарга яўна не на баку маёра — і той нічога не адказвае. Услед за кабецінай, якая ледзьве цягне два кулі солі з цукрам, выходзіць з крамы.

Купляю хлеб, малако, іду дахаты. На рагу вуліцы стаіць на каленях і ўсхліпвае кабеціна. Цэлафанавы куль не вытрымаў цяжару, папяровыя пачакі солі і цукру плюхнулі ў рыжую лужыну, у разлезлы снег. Маёр спрабуе кабеціне дапамагчы, падымае адзін пачак, другі, тыя, намоклыя, рвуцца, рассыпаюцца… І не разабраць у снезе, дзе соль, дзе цукар, дзе народнае глупства — і дзе дзяржаўная мудрасць…

А на вуліцы зіма 2016 года. 25-га года нашай незалежнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?