Кіеўская гарадская дзяржаўная адміністрацыя (КГГА) ўвяла ва ўкраінскай сталіцы маскавы рэжым для прадухілення распаўсюджвання грыпу і ВРВІ. Пра гэта заявіў дарадца кіеўскага гарадскога галовы Міхаіл Радуцкі на прэс-канферэнцыі ў чацвер, 21 студзеня.

«Што тычыцца дадатковых мер, якія ўвёў горад Кіеў, каб паменшыць распаўсюд і захворванне сярод дарослага насельніцтва, гэта ўвядзенне дадатковых санітарных абмежаванняў у месцах вялікай колькасці дарослага насельніцтва. Уведзены маскавы рэжым у крамах для работнікаў, у месцах правядзення масавых мерапрыемстваў, на рынках, у рэстаранах, кавярнях, ва ўсіх месцах грамадскага харчавання», — сказаў Радуцкі.

Ён таксама паведаміў, што маскавы рэжым уведзены для работнікаў метро і грамадскага транспарту, у кампаніі «Кіеўпастранс».

Пры гэтым кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый будуць несці адказнасць за захаванне графіка замены масак.

«Кожны пласт маскі гарантуе гадзіну абароны. На сённяшні дзень у асноўным выкарыстоўваюцца чатырохслаёвыя маскі», — сказаў ён.

Таксама Радуцкі паведаміў, што вымушаныя канікулы ў школах Кіева падоўжаныя да 27 студзеня.

«Забарона вучобы ў школах працягнутая, алімпіяды, якія планаваліся сярод школьнікаў на гэтую суботу і нядзелю, перанесеныя на іншы тэрмін», — адзначыў чыноўнік.

Паводле інфармацыі начальніка дэпартамента аховы здароўя КГГА Таццяны Дончанка, па стане на 20 студзеня ў бальніцы Кіева за суткі паступіла 98 хворых на ВРВІ і грып. Усяго ў цяперашні час стацыянарнае лячэнне ў клініках Кіева праходзяць 485 пацыентаў з ВРВІ, з іх 178 з дыягназам «грып».

Дончанка падкрэсліла, што Кіеў быў гатовы да сезоннага росту захворвання і забяспечыў наяўнасць прэпаратаў загадзя.

Міністэрства аховы здароўя Украіны пацвердзіла гібель 51 ўкраінца ад грыпу. Смяротныя выпадкі, па словах лекараў, звязаныя з познім зваротам да медыкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?