Оперупаўнаважаныя аддзела крымінальнага вышуку Першамайскага РУУС Мінска затрымалі 31-гадовага ўраджэнца Віцебска, які падазраецца ў махлярстве, паведаміла прэс-афіцэр Першамайскага РУУС сталіцы Вольга Куцько.

З'яўляючыся грамадзянінам Расіі, мужчына праз сваю знаёмую камунікаваў з беларускімі дзяўчатамі ў сацыяльных сетках. Ён прапаноўваў ім у падарунак дарагія аўтамабілі, а наўзамен прасіў на працягу года аказваць яму інтымныя паслугі. Першай на такія ўмовы пагадзілася 25-гадовая жыхарка сталіцы. Ёй прыйшло паведамленне ад незнаёмай дзяўчыны з імем Анастасія Бачкова, у якім гаварылася, што багаты мужчына па імені Алег шукае сабе добрую дзяўчыну для адносін і гатовы быць яе спонсарам — можа адразу падарыць дарагую машыну. Мінчанка палічыла прапанову прывабнайі стала перапісвацца з новай знаёмай, удакладняючы ўзрост, рост і захапленні забяспечанага кавалера. Убачыўшы зацікаўленасць, Анастасія папрасіла ў дзяўчыны нумар мабільнага тэлефона і сказала, што цяпер тая зможа асабіста размаўляць з Алегам у «Вайберы». Акрамя таго, Бачкова абяцала, што спонсар, з якім яна звядзе жыхарку сталіцы, будзе яшчэ і плаціць ёй за сустрэчы.

Праз некаторы час Алег сапраўды напісаў мінчанцы ў «Вайберы» з маскоўскага нумара. Дзяўчына папрасіла яго даслаць свае фота, але мужчына адразу паставіў умовы: ён купляе машыну, а яна павінна сустракацца з ім і аказваць інтымныя паслугі. Пасля гэтага расеец купіў квіткі, прыляцеў у Мінск і папрасіў падключыць яго да беларускага мабільнага аператара. Затым пара накіраваліся ў адну са сталічных кавярняў, дзе падчас гутаркі Алег пацікавіўся, які аўтамабіль хоча дзяўчына. Мінчанка адказала, што марыць пра «Паршэ Макан».

Маладыя людзі патэлефанавалі ў салон і даведаліся, што машына каштуе 69,5 тысяч еўра. Алег вырашыў, што гэта дорага, і папрасіў у дзяўчыны $600 у заклад. Дарэчы, у жыхаркі сталіцы не было нават правоў кіроўцы. Спонсар супакоіў яе, сказаўшы, каб яна не хвалявалася і ехала ў салон заключаць дамову на машыну, а ён сам вырашыць усе пытанні з атрыманнем пасведчання кіроўцы.

Пасля заключэння дагавора будучая ўладальніца «Паршэ Макао» патэлефанавала Алегу і назвала нумар рахунку ў банку, на які трэба было пералічыць грошы за аўтамабіль. Мужчына прапанаваў дзяўчыне адправіцца дадому і пачакаць, а ўвечары ператэлефанаваў і сказаў, што пасведчанне кіроўцы каштуе $1,2 тысячы, таму яму трэба яшчэ $600 для яго атрымання. Мінчанка перадала яму апошнія $200 і сказала, што больш грошай у яе няма. Праз некалькі дзён дзяўчына западозрыла нядобрае і звярнулася па дапамогу ў міліцыю.

Другой пацярпелай аказалася 32-гадовая ўраджэнка беларускай сталіцы. Алег сам напісаў ёй у сацыяльнай сетцы, увайшоў у давер, пасля чаго прапанаваў сваё спонсарства. Умовы былі тыя ж, што і ў папярэднім выпадку, толькі дзяўчына сама павінна была аплаціць страхоўку аўтамабіля маркі «Мэрсэдэс». Пасля заключэння дагавора дзяўчына перадала яму $1,5 тысячы на афармленне страхоўкі, а сама засталася чакаць каля банка. Больш яна свайго спонсара не бачыла.

У дадены момант грамадзянін Расіі знаходзіцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама. Па фактах падману жанчын праводзіцца праверка. Міліцыя просіць пацярпелых ад дзеянняў мужчыны звяртацца ў Першамайскае РУУС Мінска па тэлефонах 8 (017) 280-02-02, 8 (029) 344-76-32, 8 (029) 159-02-01.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?