У Гомелі затрыманыя трое грамадзян Грузіі, якія незаконна пазбавілі волі расіяніна — жыхара Літвы і патрабавалі ў яго буйную суму грошай. Літоўскі камерсант быў вызвалены супрацоўнікамі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі.

Як паведамілі ў 10-м упраўленні ГУБАЗіК, аперацыя па вызваленні закладніка прайшла 13 лютага.

Жыхары Грузіі заключылі з жыхаром Літвы дагавор на пастаўку драўніны. У Гомелі грузіны працавалі нелегальна. Пазней жыхар Літвы заявіў, што тавар няякасны, і на гэтай падставе адмовіўся выплаціць частку грошай за драўніну. Грамадзяне Грузіі прапанавалі расіяніну прыехаць у Гомель, каб разабрацца ў непаразуменні. Калі кампаньён прыбыў у абласны цэнтр, грузіны зачынілі яго ў кватэры і сталі патрабаваць грошы. У пацярпелага пры сабе быў тэлефон, які яму ўдалося схаваць, і ён напісаў SMS-паведамленне прыяцелю ў Літву. Той звярнуўся ў гомельскую міліцыю, і жыхара Літвы вызвалілі супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС. У зняволенні пацярпелы правёў адну ноч, яго жыццю і здароўю зараз нічога не пагражае.

Распачатая крымінальная справа па факце незаконнага пазбаўлення волі і прымусу да выканання даўгавых абавязацельстваў. Грамадзяне Грузіі змешчаныя ў ІЧУ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?