Маўлюда Атакулава

Маўлюду выклікалі 22 красавіка да рэктара БДЭУ Шымава. Паразмаўляўшы са студэнткаю «як з унучкаю», рэктар прыняў рашэньне яе не выключаць. Саму Маўлюду перш за ўсё парадавала студэнцкая салідарнасьць — за кароткі тэрмін на яе карысьць былі сабраныя ля 150 подпісаў. За актыўную грамадзкую дзейнасьць студэнтцы 3 курсу ФВШТ пагражала адлічэньне.

17 сакавіка адбылося паседжаньне адмысловай камісіі па прававым выхаваньні і прафіляктыцы правапарушэньняў, дзе, апроч іншых, прысутнічаў дэкан Мікалай Кабушкін і прарэктар Сяргей Шаўрук. Камісія прыняла рашэньне прасіць у рэктара адлічэньня Маўлюды.

Сёньня, 22 красавіка, са студэнткаю сустрэўся Ўладзімер Шымаў. Цягам амаль гадзіны ён абмяркоўваў з Маўлюдаю ейную дзейнасьць, зачытаў характарыстыку:

«Я была вельмі зьдзіўленая. Мне падавалася, што дэкан добра да мяне ставіцца. А ў характарыстыцы было шмат непрыемнага, напрыклад, што я «размаўляю цынічна», — падзялілася з Generation.by Маўлюда.

Таксама рэктар патлумачыў Маўлюдзе, чаму ён выключыў у 2005 студэнтку ФМЭА Тацяну Хому.

Хаця Атакулава будзе працягваць навучаньне на факультэце «Вышэйшая школа турызму», студэнты ўсё яшчэ зьбіраюць подпісы на ейную карысьць:

«Найперш я ўдзячная студэнтам, якія мяне падтрымалі. Спадзяюся, ніякага ціску з боку дэканатаў на іх ня будзе. А пакуль буду рыхтавацца да сэсіі, аднак ад актыўнай грамадзкай дзейнасьці я не адмаўляюся».

Рэктар Уладзімер Шымаў вядомы гучным выключэньнем Тацяны Хомы ў 2005 — тады ні студэнцкая салідарнасьць, ні міжнародны розгалас не дапамаглі. Тацяна ўвайшла ў Раду найбуйнейшай студэнцкай арганізацыі Эўропы ESU — і празь некалькі дзён яе выключылі з БДЭУ. Аднавіць права навучацца ў Эканамічным унівэрсытэце праз суд Тацяне не ўдалося, і яна была змушаная зьехаць навучацца ў Аўстрыю. Даведаўшыся, што сёлета Шымаў у якасьці былога міністра эканомікі зьбіраецца наведаць Вену, тамтэйшыя студэнты падрыхтавалі акцыю пратэсту. Упершыню рэктрар быў вымушаны публічна апраўдвацца, чаму была выключаная Тацяна Хома.

Generation.bY

Фота — mfront.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0