Намеснік начальніка Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Беларусі Аляксандр Дуньковіч назваў на прэс-канферэнцыі самыя праблемныя ў плане браканьерства вадаёмы.

«Традыцыйна ў заходняй частцы Беларусі праблемным з'яўляецца возера Спораўскае. І справа, напэўна, не ў наяўнасці там вялікіх запасаў рыбы, а ў менталітэце мясцовых жыхароў. Гэта людзі, якія акружаны з усіх бакоў балотам і заўсёды былі гаспадарамі лясоў і рэк. Я сам туды выязджаў летась падчас нерасту, дык мы некалькі дзясяткаў сетак дасталі нават без лодкі — дастаткова было надзець высокія боты», — растлумачыў намеснік начальніка.

Праблемнымі ў гэтым рэгіёне таксама з'яўляюцца возера Белае і Чорнае.

«Калі ісці далей, то самым праблемным вадаёмам з-за вялікіх запасаў рыбы, у тым ліку і каштоўных відаў, можна назваць Лукомскае вадасховішча. Там цёплая вада, добрая кармавая база і выдатныя ўмовы для ўзнаўлення рыбы. Вадаём вялікі, кантраляваць яго складана, вось туды і накіроўваюцца браканьеры з усёй краіны», — падкрэсліў намеснік начальніка Дзяржінспекцыі.

Аляксандр Дуньковіч адзначыў, што хвалю браканьерства там удалося збіць, але ідэальнага парадку ўсё роўна няма. «Нядаўна там памяняўся арандатар, які, спадзяюся, навядзе на вадаёме парадак», — канстатаваў ён. Возера цяпер арандуе ТАА «ТэраФіш».

Пры гэтым намеснік начальніка Дзяржінспекцыі адзначыў, што колькасць і браканьераў, і парушэнняў у Беларусі зніжаецца. «Мы ўжо бачым гэтую дынаміку. Мабыць, у сувязі з узмацненнем жорсткасці патрабаванняў, новымі нормамі ў заканадаўстве, да свядомасці людзей усё ж такі даходзіць, якую шкоду яны наносяць. Акрамя таго, расце правасвядомасць людзей, асабліва моладзі», — канстатаваў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?