Украінская ваеннаслужачая Надзея Саўчанка, прысуджаная ў Расіі да 22 гадоў калоніі па абвінавачванні ў забойстве двух расейскіх журналістаў у Данбасе, забараніла сваім адвакатам абскарджваць прысуд і падаваць прашэнне аб памілаванні.

У напісанай ад рукі заяве, фатаграфію якой выклаў у сваім фэйсбуку адвакат Марк Фейгін, Саўчанка просіць яго і ў далейшым ажыццяўляць яе юрыдычную абарону ў Расіі. Таксама яна адзначае, што забараняе абскарджваць прысуд і прасіць расійскія ўлады аб памілаванні.

Таксама Саўчанка піша, што забараняе адвакату прызнаваць віну як ад яе, так і ад яго імя, і рабіць яшчэ якія-небудзь дзеянні без яе дазволу. Па словах абвінавачанай, парушэнне гэтых патрабаванняў яна расцэніць як здраду, якая аўтаматычна цягне адмову ад паслуг Фейгіна.

Акрамя Марка Фейгіна абаронай Саўчанка ў судзе займаліся двое яго калег — адвакаты Мікалай Полазаў і Ілля Новікаў. Пакуль не вядома, ці мае намер абвінавачаная карыстацца далей і іх паслугамі таксама, але ў асобным лісце яна выказала падзяку за іх працу.

Прысуд па справе быў вынесены 22 сакавіка. Па законе ён набудзе моц толькі праз дзесяць дзён пасля вынясення і толькі ў тым выпадку, калі яго не абскардзіць ні адзін з бакоў. Пракуратура раней выказала задавальненне прысудам і заявіла, што не плануе падаваць скаргу.

Саўчанка са свайго боку і раней казала, што не мае намеру абскарджваць прысуд. Яна не прызнае віну і лічыць судовы працэс у Расіі незаконным. Па словах ваеннаслужачай, пасля таго, як яна трапіла ў палон у Данбасе, яе павезлі ў Расію сілай.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка ўжо заявіў, што гатовы абмяняць Саўчанка на двух затрыманых ва Украіне расейцаў, якіх лічаць дзеючымі вайскоўцамі. Пры гэтым абмен зможа адбыцца толькі пасля таго, як па ўсіх справах будуць вынесеныя і набудуць моц прысуды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?