Міністэрства культуры выступае з ініцыятывай увесці ў склад Філармоніі чатыры самастойныя калектывы: Нацыянальны акадэмічны хор імя Цітовіча, Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі, Дзяржаўны харэаграфічны ансамбль «Харошкі» і Дзяржаўны ансамбль «Песняры». Здавалася б, што дрэннага ў тым, каб гэтыя і так дзяржаўныя калектывы ўвайшлі ў склад дзяржаўнай установы і працавалі пад агульным культурніцкім дахам? На першы погляд, нічога. Але ўсе пералічаныя кандыдаты на «калектывізацыю» катэгарычна супраць гэтага. Чаму?

Пачнём з агучанай на нарадзе ў Мінкульце мэты гэтага «аб’яднання». Нібыта, матывуецца гэта ўсё тым, што «аптымізуецца адміністрацыйна-кіраўнічы склад, і гэта дасць эканомію фінансавых сродкаў». Але гэта разбівае сваім аргументам мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі Валянцін Дудкевіч.

«Калі б ад гэтага сапраўды была нейкая глабальная эканомія! Але мы палічылі, што эканоміі няма. Я нават думаю, што будзе мінус. Яны кажуць, што на ўсе калектывы атрымаецца 1 мільярд 200 мільёнаў эканоміі. А ў нас бюджэт 8 мільярдаў — аднаго нашага калектыва. А яны на 4 калектывах збіраліся зэканоміць 1,2 мільярда. Але яны не ўлічваюць таго, што калі ў склад філармоніі прыходзіць 400 дадатковых чалавек, то няўжо нікога не трэба будзе дадаць у штат адміністрацыі самой Філармоніі? Трэба будзе дадаткова наняць бухгалтараў, адміністратараў, бо ўзяць дадатковых 400 чалавек на тыя ж кадры — гэта ўтопія!»

А ў гэты час бухгалтары, адміністратары, касцюмеры ды іншыя людзі, якія працуюць у штаце саміх калектываў і ведаюць іх спецыфіку, будуць скарочаныя. Прычым, з абавязковай у такім выпадку выплатай выхадной дапамогі і кампенсацый. Але справа не толькі ў тым, што давядзецца звольніць сваіх людзей, эмацыйна распавядае мастацкі кіраўнік ансамбля «Харошкі» Валянціна Гаявая. Аб’ядноўваць жа ў выніку будуць не толькі людзей, але і ўвесь іх сцэнічны інвентар, каб потым усім «калгасам» карыстацца.

«Вы не ўяўляеце, якой крывёю даліся мне гэтыя касцюмы! І што гэта за касцюмы: іх нельга праць, бо там гарсэт ды і пашытыя яны на канкрэтнага чалавека. І вось нехта яго будзе апранаць, а потым я што сваёй танцоўшчыцы скажу: «Апранай яго»? Але мне ўсё, што ў нас ёсць, давядзецца здаць: і касцюмы, і інструментарый. І будуць даваць іх любому, хто там нешта прыдумаў… Ведаеце, я не магу на такое пайсці. Яны не разумеюць: я гэта з такімі цяжкасцямі ўсё сабрала: людзей шукала, якія мне гэта зробяць, апошнюю капейку на гэта аддавала! Гэта ўсё трэба берагчы! А я проста згублю касцюмы, згублю ўвесь наш інструментарый!»

Валянціна Гаявая.

Валянціна Гаявая.

Суразмоўцы Еўрарадыё не хаваюць і клопату пра свой асабісты лёс: што будзе з імі пасля «аптымізацыі»? З людзьмі, якія стварылі свае калектывы і на іх паклалі і жыццё, і творчую энергію?

«Ну, вам жа не сказалі, што пасля ўваходжання ў склад Філармоніі «Харошкам» больш не будуць патрэбныя вашы паслугі?», — акуратна цікавімся ў Валянціны Гаявой.

«Скажуць, абавязкова скажуць! — махае яна рукамі ў адказ. — Каго ж ім яшчэ не аптымізаваць найперш, як пенсіянераў? Вось з мяне і пачнуць. Я ж ім даўно як стрэмка ў адным месцы»…

Не мае на гэты конт аптымізму і Валянцін Дудкевіч.

«У Філармоніі ёсць мастацкі кіраўнік. А я атрымаюся мастацкі кіраўнік №2. Вы ўяўляеце сітуацыю: я ў сваім калектыве мастацкі кіраўнік №2! Я прывык адказваць за тое, што я раблю, а ў гэтым плане, творчым, я не прывык і не хачу падпарадкоўвацца. Калектыў я стварыў па вобразе і падабенстве сваім, а ў творчасці не можа быць дэмакратыі, ніякіх дэмакратычных плыняў — гэта выключна дыктатура! Я гэта хачу і я ўсё жыццё гэта раблю. І на гэта траціцца вельмі шмат часу. Так, я падрыхтую сабе пераемніка, але гэта не можа дыктавацца звонку — такога не можа быць!»

Абодва суразмоўцы сыходзяцца ў адным: аб’яднанне іх калектываў з Філармоніяй дрэнна адаб’ецца на творчасці, і ў выніку калектывы альбо ўвогуле перастануць існаваць, альбо ператворацца ў нешта мала каму цікавае. Да ўсяго, перажывае Валянціна Гаявая, наўрад ці ў яе атрымаецца захаваць усе тры дзіцячыя групы танца, што існуюць пры «Харошках».

Што на гэты конт думаюць у Міністэрстве культуры? І ўвогуле, ці сапраўды існуюць такія аб’яднаўчыя планы — афіцыйнага ж загаду няма.

У пятніцу ў Мінкульце на працы толькі намеснік міністра Васіль Чэрнік. Чыноўнік прызнаецца: ён не займаецца гэтым накірункам айчыннай культуры. Тым не менш, інфармацыю пра аб’яднанне чатырох названых калектываў у складзе Філармоніі называе «чуткамі».

«Чуткі! Іх можа вельмі шмат быць! Але пакуль што гэта толькі чуткі!» — запэўнівае намеснік міністра.

Словы чыноўніка абвяргае Валянцін Дудкевіч.

«Была адпаведная нарада ў міністра, і я яму проста сказаў: «Ведаеце што, я ж чалавек дзяржаўны — напішыце мне загад і я зраблю. У мяне ж выйсця няма. Альбо я гэта не зраблю і сыду». Ну, у дзяржаўных адносінах па-іншаму ж і быць не можа. Але ж гэтага загаду няма! Вось, мне павінен прыйсці загад пісьмовы — у мяне яго няма. І са мной пастаянна вядуцца перамовы, якія зводзяцца да таго, каб мы гэтага захацелі. З намі вядуць вусныя размовы: спачатку з усімі разам, а потым з кожным паасобку. Хочуць, каб мы ў выніку сказалі: «Ну, давайце, зрабіце нам гэта!» А я на першым жа пасяджэнні міністру і напісаў, і сказаў, што я ў кожным выпадку буду апеляваць вышэй, але з гэтым я катэгарычна не згодны. А той сабе ціхенька маўчыць і нешта там ціхенька варушыцца. Такая вось сітуацыя, нейкая з іх боку, зверху, баязлівая, я так думаю».

Валянцін Дудкевіч.

Валянцін Дудкевіч.

І дадае: «Хочаце праводзіць аптымізацыю чыноўнікаў і бюджэтнікаў, то не трэба пачынаць яе з самых бедных, а пачніце з сябе». Калегу падтрымлівае Валянціна Гаявая і дзеліцца сакрэтам: называе лічбу сярэдняга заробку ўдзельнікаў вядомага на ўвесь свет калектыву «Харошкі» — 2,5 мільёна рублёў. І яе асабіста заробак да 5 мільёнаў у месяц не дацягвае. Амаль такія ж заробкі і ў ансамблі танца, дадае Дудкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?