Калі каму-небудзь з расейцаў раптам захочацца адчуць сябе Джардана Бруна або Галілеа Галілеем, адчуць па-сапраўднаму, адзін у адзін, як яно было тады ў Сярэднявеччы, то трэба зусім мала: наведаць Дзень Волі ў Мінску.

Прыедзеце, далучыцеся да шэсця, пачуеце, як людзі гавораць па-беларуску, як скандуюць лозунгі.

Убачыце, колькі вакол моладзі і якая яна добрая. Спрэс студэнты мясцовых філалагічных факультэтаў у абдымку са сваімі філалагічнымі паннамі.

Ўбачыце сімпатычных бабуль і дзядуляў з нацыянальным сцягам. Не тым, які савецкі, а нейкім сваім, невядомым вам.

Убачыце, як кіроўцы і пасажыры ў прыватных аўто сігналяць і вітаюць шэсце. Як зладжана і ахвотна ўдзельнікі спяваюць нейкія свае маршы і гімны, пра якія вы ні сном, ні духам не ведаеце.

Потым вам скажуць, што ў будынку, у якім 25 сакавіка 1918-га была абвешчаная незалежнасць Беларусі, цяпер кавярня і самыя-самыя беларусы пойдуць туды. Будуць, стаўшы на стол, чытаць дэкларацыю незалежнасці, спяваць свае бадзёрыя гімны, крычаць крычалкі, піць піва і наогул паводзіць сябе як ірландцы на дзень святога Патрыка.

Вы гэта ўбачыце, вы гэтаму здзівіцеся і вы задумаецеся. Як пра гэта сказаць астатнім расейцам? Астатнія расейцы, падобна да сярэднявечных людзей, навучаныя сваімі цёмнымі папамі накшталт Дугіна і Халмагорава, лічаць, што ніякага нацыянальнага руху ў Беларусі няма.

Цёмныя расійскія папы, абапіраючыся на цёмныя расійскія Талмуды, лічаць, што Беларусь - астравок шчаслівага савецкага мінулага. Ліманад Дзюшэс, печыва ў той самай ўпакоўцы, тая самая каўбаса, «Песняры», лінія Сталіна і, бадай, усё.

Яшчэ цёмныя расійскія папы лічаць, што не існуе і ніколі не існавала асобнай беларускай мовы. Быў дыялект, вясковы і грубы, той вялікай і магутнай мовы, на якой складаў свае выдатныя вершы Аляксандр Сяргеевіч Пушкін. Цёмныя расійскія папы лічаць, што гаварыць на гэтай мове могуць толькі дзікуны. Людзі з адукацыяй, асабліва філолагі, абавязаны размаўляць на расейскай мове. Упрыгожваючы яе высакародным маскоўскім аканнем і змякчэннем галосных.

Што тычыцца песень, то нармальны цёмны расійскі поп упэўнены, што няма нічога прыемней для слыху, чым опера Глінкі «Жыццё за цара» і хіты спявачкі Земфіры. Папулярнай музыкі на беларускай мове не існуе. А калі такая раптам і з'явіцца, то хіба яна вытрымае параўнанне з творчасцю згаданай спявачкі Земфіры?

І як вам, які пабыў на Дні Волі і ўбачыў, што Беларусь цалкам існуе, даказаць адваротнае?

Бо як будзе: спачатку яны вырашаць, што вы жартуеце. Беларусь? Мова? Нацыяналісты-філолагі? Смешна. Калі вы наважыцеся працягнуць, калі яны зразумеюць, што вы кажаце сур'ёзна, ад вас проста адвернуцца. Як адвярнуліся знаёмыя і родныя Галілея, калі ён пачаў сцвярджаць, быццам Зямля круціцца.

Як круціцца? Вакол якой восі? У нашых цёмных Талмудах сказана, што не круціцца.

Плоская яна, і зверху цвердзь нябесная

Вам застаецца або крывадушна пагадзіцца з Талмудам, або астракізм разам са святой інквізіцыяй чакаюць вас. Расейцы, натуральна, як і паложана сярэднявечным людзям, баяцца сваю святую інквізіцыю. Не дай Бог выклікаць падазрэнне ў прападобнага Дугіна, святога Халмагорава ці ў звар'яцелай піфіі на імя Захар! Кара будзе суровай, кара будзе імгненнай, кара будзе няўхільнай. Ні піфія, ні прападобны, ні святы літасці не ведаюць.

Па-першае, вас назавуць ерэтыкам. Гэта значыць, буржуазным нацыяналістам. Па-другое, прававерным расейцам будзе сказана, што вы ерэтык і кожны, хто будзе гаварыць з вамі, будзе выкінуты з улоння цёмнага расійскага талмудызму. Па-трэцяе, ваша імя стане прытчай у языцэх, у святыя месцы цёмнага расійства вас перастануць пускаць.

Вы будзеце блукаць па шырокіх праспектах Трэцяга Рыму, як Галілей і Бруна блукалі па Еўропе свайго часу, і мучыцца. З аднаго боку, вам будзе хацецца сказаць праўду. Сказаць, што ў Мінску ёсць мова, філолагі і нацыянальная культура, адрозная ад савецкай. З іншага боку, вы, разумеючы, чым вам пагражае такая заява, разумеючы, як уздымецца божая піфія Захар, баіцёся за свой лёс.

І што рабіць? І ці ёсць тут залатая сярэдзіна?

Бруна сказаў, і яго спалілі. У прападобнага Дугіна не здрыганецца рука, калі трэба будзе падліваць газу ў вогнішча вакол вас. Святы Халмагораў з радасцю будзе глядзець на вашы мукі, а піфія будзе драпежна рагатаць.

Напэўна, разумней было б зрабіць як Галілей: усё жыццё маўчаць пра ісціну, а перад смерцю, калі губляць няма чаго, сказаць. У рэшце рэшт, ісціна - гэта такая рэч, якая рана ці позна сама пра сябе заявіць, і цёмныя расійскія прарокі цемры самі адыдуць ў змрок і скрыгат зубоўны.

Чытайце таксама:

Былы аўтар «Спутника и погрома» даў інтэрв'ю «НН»: У Расіі падрастае чарнасоценскае пакаленне, і гэта будзе страшна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?