Бізнэсмен Рыгор Баеўскі, які з'яўляецца партнёрам Аркадзя Ратэнберга, прадаў дарагую нерухомасць тром жанчынам, у лік якіх уваходзяць Кацярына Ціханава, якую СМІ называюць дачкой прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, і сваячкам дэпутата Дзярждумы Аліны Кабаевай.

Пуцін і Кабаева, фота Reuters

Пуцін і Кабаева, фота Reuters

Паведамленне пра дзеянні Баеўскага апублікавала агенцтва Reuters. У артыкуле журналісты паказваюць, што інфармацыя аб перададзенай нерухомасці маецца ў адкрытым доступе. З гэтых дакументаў, у прыватнасці, вынікае, што Ціханава пры рэгістрацыі адной кампаніі пазначала адрас кватэры, якая належыць Баеўскаму. У Крамлі ўжо назвалі матэрыял Reuters «адным з інфармацыйных укідаў», пра якія Крэмль ведаў загадзя.

Паводле інфармацыі агенцтва, у 2013 годзе Баеўскі перадаў права ўласнасці на дом і ўчастак зямлі ва Успенскім Маскоўскай вобласці Ганне Зацапілінай, якая прыходзіцца бабуляй дэпутату Кабаевай. 81-гадовая жанчына, якая, як запэўніваюць журналісты, нядаўна стала ўладальніцай элітнай нерухомасці, ад каментароў адмовілася.

Яшчэ раней, у 2009 годзе, Баеўскі падарыў кватэру ў Маскве па вуліцы Верасаева Ляйсан Кабаевай, сястры алімпійскай чэмпіёнкі і дэпутата Дзярждумы. Журналісты звязаліся з афіцыйнымі прадстаўнікамі кампаніі Ляйсан Кабаевай, аднак тыя адмовіліся казаць пра паходжанне кватэры, якая з нядаўніх часоў запісаная на іх боса.

Тым не менш агенцтву ўдалося пагаварыць з прэс-сакратаром Аліны Кабаевай і задаць ёй пытанні аб адносінах дэпутата Дзярждумы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным і аб здзелках паміж Баеўскім і яе сваякамі. «Яны ўсе дарослыя людзі, адказваюць за свае ўчынкі і жывуць сваім жыццём. Аліна Маратаўна Кабаева ніяк не звязаная з гэтымі пытаннямі», — заявіў афіцыйны прадстаўнік парламентарыя.

Журналісты агенцтва даведаліся пра яшчэ адну ўгоду з удзелам Баеўскага. Паводле іх інфармацыі, летась бізнэсмен перадаў ва ўласнасць яшчэ адну кватэру ў элітным жыллёвым комплексе ў Маскве, на гэты раз 23-гадовай выпускніцы МДУ Алісе Харчавай. Дзяўчына атрымала шырокую вядомасць у 2010 годзе, калі разам са сваімі аднакурсніцамі выпусціла эратычны каляндар, зрабіўшы незвычайны падарунак прэзідэнту Расіі на дзень нараджэння, які ён адзначае 7 кастрычніка.

Праз два гады, у 2012-м, Харчава зноў знялася ў фотасесіі, на гэты раз з катом, каб павіншаваць кіраўніка дзяржавы з днём нараджэння. Здымкі былі апублікаваныя ў яе блогу.

alisakharcheva.livejournal.com

alisakharcheva.livejournal.com

На пытанне пра тое, як атрымалася так, што яна набыла кватэру з рук Баеўскага, Харчава у размове з журналістамі патлумачыла, што пры ўгодзе карысталася паслугамі аднаго са сталічных агенцтваў нерухомасці і асабіста не ведае бізнэсмена. «Мы купілі кватэру ў іпатэку і выплачваем яе да гэтага часу», — заявіла яна.

Пры гэтым Харчава крайне рэзка адрэагавала на пытанне агенцтва пра тое, ці маглі ёй дапамагчы яе «сувязі з Пуціным» пры куплі кватэры: «Мне ніхто яшчэ ніколі не задаваў такіх дурных пытанняў».

Агенцтва сцвярджае, што Баеўскі доўгі час працаваў памочнікам бліжэйшага сябра Уладзіміра Пуціна Аркадзя Ратэнберга. Пры гэтым журналісты адзначаюць, што да нядаўняга часу імя бізнэсмена, пра якога адным з першых напісаў журналіст Раман Анін, у СМІ практычна не фігуравала.

Журналісты Reuters адзначаюць, што ў 2006 годзе Баеўскі разам з Аркадзем і Барысам Ратэнбергамі заснаваў дачны кааператыў у Маскоўскай вобласці. Гэтыя дадзеныя, як падкрэслівае агенцтва, знаходзяцца ў адкрытым доступе.

Агенцтва таксама прыводзіць словы прэс-сакратара прэзідэнта РФ Дзмітрыя Пяскова, які абверг магчымую сувязь бізнэсмена з кіраўніком дзяржавы. «Мы нічога не ведаем пра тое, хто ён такі. Прэзідэнт таксама не знаёмы з ім», — абвясціў Пяскоў.

Адказваючы на іншыя пытанні, прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы прызнаў, што ў Крэмль паступілі шматлікія запыты ад міжнародных журналістаў пракаментаваць інфармацыю пра сяброў дзяцінства прэзідэнта і тыя факты, што гэтыя людзі атрымліваюць дзяржкантракты і дзяржзаказы. Пяскоў тады таксама адмовіўся ад каментароў, падкрэсліўшы, што ў Крамлі схільныя ставіцца да такіх матэрыялаў як да мэтанакіраванай палітычнай кампаніі, накіраванай на дыскрэдытацыю Пуціна.

Афіцыйныя прадстаўнікі Аркадзя Ратэнберга ў размове з журналістамі таксама адмаўляюць сувязь свайго боса з Баеўскім, настойваючы на тым, што апошні не працуе на структуры Ратэнберга.

Адкрытыя расійскія крыніцы пацвярджаюць, што Ратэнберга і Баеўскага звязваюць ці, прынамсі, звязвалі дзелавыя адносіны. Як пісаў ў 2012 годзе Forbes, ЗАТ «Нацыянальная хімічная група», зарэгістраваная ў кастрычніку 2011 года, належыць Ратэнбергу. 100% акцый гэтай кампаніі належыць ЗАТ «Руская холдынгавая кампанія» (РХК), асноўным акцыянерам якой выступае «Олпан Інвестмэнтс Лімітэд», дзе ў Ратэнберга 50% акцый. А «Олпан Інвестмэнтс Лімітэд», у сваю чаргу, з'яўляецца 100-працэнтным заснавальнікам ЗАТ «Руская холдынгавая кампанія», генеральным дырэктарам у якой служыць Баеўскі Рыгор Савельевіч.

Крэмль і Дзярждума не зацiкавiлiся расследаваннем Reuters

Расійскія ўлады ўжо звярнулі ўвагу на журналісцкае расследаванне агенцтва, аднак не збіраюцца прымаць яго ўсур'ёз, таму што гэтая публікацыя з'яўляецца адным з інфармацыйных укідаў, накіраваных на дыскрэдытацыю Крамля. Такое меркаванне, у прыватнасці, выказаў прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Дзмітрый Пяскоў, перадае РБК.

На ўдакладняючае пытанне, ці будуць у адміністрацыі прэзідэнта расследаваць факты перадачы нерухомасці ад бізнэсмена Баеўскага жанчынам, якіх журналісты звязваюць з кіраўніком дзяржавы, Пяскоў адказаў адмоўна.

РБК са спасылкай на крыніцу, знаёмую з сітуацыяй, адзначае, што ў адміністрацыі прэзідэнта не плануюць прадпрымаць ніякіх дзеянняў па выніках матэрыяла Reuters. Нічога новага ў іх не гаворыцца, сцвярджае суразмоўца журналістаў.

Не праявілі асаблівай цікавасці да публікацыі і ў парламенце. Намеснік старшыні камітэта Дзярждумы па бяспецы і супрацьдзеянні карупцыі Эрнэст Валееў, у сваю чаргу, адзначыў, што і думскі камітэт не будзе вывучаць выкладзеныя ў артыкуле факты, бо «гэта домыслы».

У кампаніі «Інапрактыка», якую ўзначальвае Кацярына Ціханава, на просьбу журналістаў аб каментары папрасілі накіраваць афіцыйны запыт. У «Нацыянальнай Медыя Групе», старшынёй савета дырэктараў якой з'яўляецца Аліна Кабаева, РБК заявілі, што не будуць каментаваць расследаванне Reuters. «Да дзейнасці холдынгу гэта не мае дачынення», — растлумачыў прадстаўнік кампаніі.

Кацярына Ціханава, фота Reuters

Кацярына Ціханава, фота Reuters

Раней, у чацвер, Дзмітрый Пяскоў выступіў з чарговай перасцярогай, заявіўшы, што інфармацыйныя атакі на прэзідэнта РФ, пра якія загадзя папярэджваў Крэмль, працягнуцца, паколькі іх аўтары задумалі цэлую кампанію з «прыцэлам» на будучыя выбары.

Па словах кіраўніка крамлёўскай прэс-службы, «тут гаворка ідзе не пра чыста журналісцкую дзейнасць, гаворка ідзе пра кампанію, звязанай з спробамі разгайдаць абстаноўку ў краіне, дыскрэдытаваць кіраўніцтва краіны, у першую чаргу — прэзідэнта», і «тым самым аказаць уплыў і на сітуацыю ў краіне, і на ход выбарчых працэсаў». «Таму, з нашага пункту гледжання і па той інфармацыі, якая ў нас маецца, аўтары падобных тэндэнцый свае спробы не пакінуць», — паведаміў Пяскоў.

28 сакавіка Пяскоў заявіў аб падрыхтоўцы паклёпніцкай кампаніі ў СМІ, накіраванай супраць Пуціна. Прэс-сакратар паведаміў, што ў маючых адбыцца публікацыях гаворка пойдзе асабіста пра Пуціна, пра спробы «дабрацца да яго сям'і інфармацыйна, а таксама пра сяброў дзяцінства Пуціна». Сярод такіх сяброў Пяскоў назваў старшыню савета дырэктараў банка «Расія» Юрыя Кавальчука, бізнэсмена Аркадзя Ратэнберга і «іншых».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?