Рэзка негатыўную рэакцыю ў расійскіх СМІ выклікаў візіт у Беларусь намесніка памочніка міністра абароны ЗША Майкла Карпентэра.

Спадар Карпентэр меў у Мінску спатканні з кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам абароны Андрэем Раўковым, міністрам замежных справаў Уладзімірам Макеем. Прадстаўнік Пентагона высока ацаніў нейтральную пазіцыю, якую Беларусь заняла ў ваенным канфлікце паміж Расіяй і Украінай.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка лічыць, што без умяшальніцтва ЗША вырашыць сітуацыю на Данбасе будзе проста немагчыма. Таксама прэзідэнт выказаў пажаданне, што паміж Беларуссю і ЗША можа пачацца новы этап у адносінах.

Адыёзны расійскі сайт Regnum.ru задаецца пытаннем, што хаваецца за гэтым візітам: «Жаданне падражніць Расію ці пачатак здрады?» Для выдання гэты візіт выглядаў «па меншай меры дзіўна».

«Складваецца ўражанне, што ў Мінску не лічаць за патрэбнае думаць пра наступствы сваёй палітыкі і аддаюць перавагу вядзенню падвойнай гульні», — адзначае штатны эксперт «Рэгнума» па Беларусі Мікалай Радаў.

«Было адчуванне, што галоўнай мэтай знаходжання прадстаўніка Пентагона ў Беларусі было вывучэнне рэакцыі Расіі на інтарэс ЗША да Беларусі. У Мінску ж і зусім не палічылі ганебным пагуляць на нервах Масквы, прыняўшы з распрасцёртымі абдымкамі амерыканца. Думаецца, што ў Крамлі зробяць высновы, і ўжо ў хуткім часе беларусы адчуюць на сабе рэакцыю расійскага кіраўніцтва, і наўрад ці яна ім спадабаецца», — сканчваецца калонка на «Рэгнуме».

Не менш востра адрэагавалі на прыезд Карпентэра ў адным з найбуйнейшых расійскіх сайтаў Lenta.ru. Свой артыкул на гэтую тэму яны назвалі: «На двух крэслах».

Інтэрнэт-газета задаецца тым самым пытаннем, што і «Рэгнум»: «Навошта Лукашэнка дражніць Маскву?»

«Прыезд у Беларусь прадстаўніка Пентагона — толькі звяно ў цэлым ланцугу палітычных гульняў вакол Беларусі і яе адносін з Расеяй. І, на жаль, беларускі бок ужо знаходзіцца на мяжы страты кантролю над сітуацыяй. Пра тое, што замежнапалітычнае ведамства рэспублікі і прэзідэнт загуляліся, сведчыць хаця б тое, што Мінск, прыязна раскрыўшы свае абдымкі Карпэнтэра, фактычна плюнуў у бок Масквы», — заяўляе Lenta.ru.

Асаблівы шал расійскага выдання выклікае рашэнне дазволіць працаваць у Беларусі амерыканскаму вайсковаму аташэ, а ў Штатах — беларускаму. Наступны крок, які бачыцца выданню — сумесныя вайсковыя вучэнні беларускай арміі і НАТА.

«І як бы непраўдападобна гэта ні гучала, сцвярджаць з поўнай упэўненасцю пра тое, што ў беларускай сталіцы адмовяцца ад такой прапановы, сёння нельга», — рэзюмуе Lenta.ru.

Не застаўся ўбаку ад гэтай тэмы і партал «Свабодная прэса», які рэдагуе пісьменнік Захар Прылепін.

«Важна разумець, што Беларусь Лукашэнкі цяпер не ўяўляе якой-небудзь значнай пагрозы для ЗША ці ЕС. І ў Вашынгтоне, і ў Брусэлі ведаюць, што пасля таго як здарылася рэвалюцыя ў Данбасе, Лукашэнка вельмі спалохаўся, што нешта падобнае можа адбыцца і ў Беларусі.

Прэзідэнт, які раней бараніў сваю ўладу ад празаходніх лібералаў, раптам адчуў сябе неабароненым ад магчымых праяўленняў прарасейскай апазіцыі. Рэакцыя не прымусіла сябе чакаць: у дзяржаўных СМІ рэзка павялічылася доля беларускай мовы, з'явіліся нацыяналістычныя матывы. Такое развіццё падзей цалкам задавальняе Захад, таму Лукашэнка можа знайсці падтрымку і ў Брусэлі, і ў Вашынгтоне як партнёр і процівагу Маскве на постсавецкай прасторы», — адзначае палітычны аналітык Віктар Шапінаў на старонцы «Свабоднай прэсы».

«Незавісімая газета» дала саркастычны загаловак: «У Лукашэнкі раптоўна знікла алергія на ЗША».

«Дарэчы, у беларускі бюджэт паступілі 500 млн даляраў крэдыту з Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця. Аднак мясцовыя эканамісты сцвярджаюць, што сума такая малая, што непрыкметна растворыцца ў беларускіх эканамічных праблемах. Гэта значыць, што трэба наладжваць адносіны з іншымі магчымымі крэдыторамі, не ігнаруючы і актуальны ў цяперашні час ваенны аспект», — піша «Незавісімая газета».

Блогеры ж яшчэ больш радыкальныя за традыцыйныя выданні. Напрыклад, сайт armij.ru адрэагаваў на візіт прадстаўніка Пентагона гэтак: «Лукашэнка запэўніў амерыканцаў, што ў выпадку вайны Расіі і НАТА яго хата з краю».

Як бачым, любы рух Беларусі ў бок заходніх краін ці нават звычайныя дыпламатычныя кантакты, выклікае нездаровую рэакцыю ў расійскіх СМІ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?