20 лістапада 2014 года каманда даследчыкаў і стылістаў партала cut.com апублікавала першы ролік праекта «100 Years of Beauty». Ён стаў сапраўдным хітом; на праект звярнулі ўвагу сусветныя СМІ, што значна паспрыяла яго распаўсюджанасці. На сённяшні дзень на YouTube першы эпізод праекта «100 Years of Beauty» паглядзелі больш як 28 млн разоў, ролік сабраў амаль 150 000 лайкаў. 

Цяпер «100 гадоў прыгажосці» ўключае 18 відэа, што паказваюць, як палітычныя, культурныя ды іншыя значныя падзеі ўплывалі ды адлюстроўваліся на модзе і выглядзе людзей. Стваральнікі вылучаюць краіну, запрашаюць мадэль і з яе дапамогай робяць рэканструкцыю модных вобразаў (прычоска + макіяж) з розных дзесяцігоддзяў. Апошні эпізод прысвечаны чарнаскурым мужчынам ЗША, ён выйшаў 24 лютага 2016 года; праект не скончаны.

Першы, а тады і другі ролік адлюстроўвае эвалюцыю прыгажосці ў ЗША. Мадэлямі сталі адпаведна белая і чарнаскурая жанчыны.

Трэцяе відэа прысвечана Ірану. Апроч іншага, адлюстравана забарона на хіджаб больш як на 40 год.

Чацвёртай стала Карэя. Пачынаючы з перыяду 60-х гадоў паказваюцца два вобразы, што звязана з падзяленнем краіны на Паўночную і Паўднёвую.

У пятым роліку нас знаёмяць з Мексікай. На жаночую моду гэтай краіны паўплывала грамадзянская вайна, таксама добра чытаецца вобраз Фрыды Кало.

Шостыя Філіпіны: адчуваецца значны ўплыў ЗША.

Сёмы ролік прэзентуе Індыю. У адрозненне ад папярэдняга, ён вельмі аўтэнтычны. Бачна, што перадусім заўсёды былі моцныя ўласныя традыцыі.

Восьмай стала Расія. У мінулым стагоддзі гэтую краіну штурхала з аднаго боку ў процілеглы, гэта бачна і па модных вобразах. Завяршае ролік скандальны вобраз Pussy Riot.

Дзявятая — Італія. Для моды гэтай краіны заўсёды былі характэрныя адметнасць і крэатыў. Гэта заўважна адрознівала італьянскіх модніц ад астатняй Еўропы.

Дзясятае відэа распавядае пра Германію. Тут таксама існуюць два паралельныя вобразы, якія адлюстроўваюць падзел краіны Берлінскай сцяной у 1961 годзе.

Яскравая Бразілія стала адзінаццатай краінай, што зацікавіла каманду Cut Video.

Дванаццатае відэа прадстаўляе амерыканскага мужчыну. Гэтак як і пра амерыканскіх жанчын, пра мужчын ЗША было знята два ролікі. У першым прадстаўлены мужчына белы.

Трынаццатай стала афрыканская Эфіопія. Апошняе стагоддзе прынесла значныя змены гэтай краіне, што бачна па вобразах яе жанчын.

Чатырнаццаты ролік вяртае нас у ЗША. Гэтым разам нам паказваюць амерыканскія тату. Мадэль пагадзілася на вар'яцкі эксперымент — ёй набілі 11 татуіровак за тыдзень.

Пятнаццаты — Кітай. Кітай — адна з краін, што зведала значныя змены за мінулае стагоддзе. Гэта адлюстравана ў наступным відэароліку.

У шаснаццатым роліку даследчыкі звяртаюцца да Японіі. Уплыў Захаду адчуваецца, але японкі заўсёды дадаюць ў вобразы нешта сваё. Гэта робіць іх унікальнымі. Пачынаючы з 90-х гадоў, мода стварае два супрацьлеглыя стылі: спакойны і яркі, гучны. Гэта паказана ў відэа.

Сямнаццаты ролік пры Егіпет. Падаецца, што ён не зусім пра прыгажосць, а пра свабоду, роўнасць і братэрства. Добра прасочваюцца змены палітычных і сацыяльных поглядаў егіпцянак.

Апошні, васямнаццаты, апублікаваны ролік паказвае, як мяняліся чарнаскурыя амерыканскія мужчыны.

Праект «100 Years of Beauty» стварыў натоўп пераймальнікаў. У шмат якіх краінах, што не трапілі да ўвагі каманды Cut Video, былі знятыя аналагічныя відэаролікі пра эвалюцыю прыгажосці мясцовых дзяўчат. Такія відэа ёсць, напрыклад, у Літвы, Манголіі, Кіргізіі ды іншых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?