Бухта Нюхаўн — самае турыстычнае месца Капенгагена

Бухта Нюхаўн — самае турыстычнае месца Капенгагена

У абноўленым рэйтынгу самых шчаслівых краін Еўропы датчане займаюць першы радок. Не адбіваецца на іх негатыўна нават недахоп сонечных дзён. Некаторыя навукоўцы мяркуюць, што схільнасць датчан да шчасця звязаная з генетыкай. Здаецца ж, усё крыху прасцей: жыхары краіны задаволеныя дабрабытам, стаўленнем дзяржавы да іх і спакойна глядзяць у будучыню.

Датчане — самыя паўднёвыя, але ўсё ж скандынавы. Даўным-даўно з тэрыторыі Даніі вікінгі ладзілі выправы па ўсёй Еўропе, у якіх рабавалі і забівалі дзеля золата і каштоўных камянёў. Вікінгі наводзілі страх на Балтыю, Вялікабрытанію, дасягалі Лісабона. У 845 годзе продкі датчан разрабавалі Парыж. Гэтыя людзі ў літаральным сэнсе не ведалі, што такое страх, а загінуць у баі было для іх гонарам, каб трапіць пасля смерці ў Вальгалу. Сёння ва ўсім свеце вельмі папулярны серыял пра паўлегендарнага дацкага конунга (караля) Рагнара Ладброка «Вікінгі».

Шведы жартуюць, што датчане зусім не падобныя да скандынаваў. Маўляў, занадта эмацыйныя і безразважныя. Датчане доўга смяяліся са шведаў, калі тыя прыдумалі рамяні бяспекі ў аўтамабілях ці сталі выкарыстоўваць шлемы падчас язды на роварах. А самі датчане лічаць шведаў грубымі і нешляхетнымі. Але пакінем у спакоі гэтыя справы суседскія.

Асабіста мне не ўдалося заўважыць у датчанах нейкую авантурнасць. Тут, як і ў Беларусі, людзі пераходзяць дарогу выключна на зялёнае святло. Уявіць такое ў Італіі ці Іспаніі проста немагчыма.

Як дабірацца?

Даляцець да Капенгагена проста. Прамыя рэйсы ёсць як з Вільні, так і з Коўна. Білеты таксама, як і ў астатнія скандынаўскія краіны, танныя. Даляцець да Капенгагена з Літвы каштуе 15—50 еўра ў два бакі.

Таксама з Вільні лётаюць самалёты да шведскага Мальмё, з якога ў Капенгаген можна трапіць па Эрэсунскім мосце, памятным многім па іншым папулярным серыяле «Мост».

Не так даўно расійскія сайты стракацелі загалоўкамі, што на шведска-дацкай мяжы ўзноўлены кантроль. Быў сведкам, як ён выглядае: у Капенгагене на вакзале перад выхадам з цягніка стаяць тры чалавекі ў жоўтай вопратцы, якія фатаграфуюць ваш пашпарт. Працэдура доўжыцца секунд дваццаць-трыццаць. Шведы правяраюць проста ў цягніку. Ветліва, ніякіх падазрэнняў. Пабачыўшы мой беларускі пашпарт, памежнік нават крыху разгубіўся, але, знайшоўшы візу, задаволена прамовіў: «Вітаем вас у Швецыі».

Чым перасоўвацца?

Да капенгагенскага аэрапорта ідзе метро. Дарэчы, калі дабіраецеся з Мальмё ў цэнтр Капенгагена, то плаціць асобна за метро не трэба. На яго дзейнічае квіток цягніка.

У Капенгагене самы папулярны від транспарту — гэта ровар. Утрымліваць аўтамабіль нявыгадна. Бо, купляючы машыну, вам давядзецца выкласці яшчэ больш за 100% мыта. А калі аўто дарагое, мыта дасягне 180%. Пры ўсім пры гэтым датчане адчуваюць сябе сацыяльна абароненымі. Цэны ў краіне не растуць. Сярэдні датчанін атрымлівае за гадзіну працоўнага часу 40 еўра. Беларусы пра такое пакуль нават не мараць.

Цэнтральная вуліца Капенгагена Строгет заўсёды запоўнена людзьмі

Цэнтральная вуліца Капенгагена Строгет заўсёды запоўнена людзьмі

Што тычыцца ровараў, то яны, здаецца, ёсць у кожнага жыхара Капенгагена. У гэтым плане дацкая сталіца супернічае з Амстэрдамам. Які ж горад сапраўдны №1 для раварыстаў?

Цікавая дэталька: датчане ездзяць на простых веліках. Прыкладна на такіх ездзяць у нас у вёсках бабы і дзяды. Усё зручна і практычна. Убачыць чалавека на «горным» ровары нерэальна. Гэта ў нас людзі, калі ўжо купляюць веласіпед, то вельмі дарагі. У датчан мы можам вучыцца гэтай простасці.

Яна, дарэчы, выражаецца шмат у чым. Ва ўсім скандынаўскім свеце не прынята завешваць фіранкамі вокны. Кожны можа паглядзець, як жывуць мясцовыя. І вось ізноў: поўная адсутнасць усялякіх пантоў і наваротаў. Ніхто табе не будзе, як у Беларусі, вешаць крыштальную люстру на палову столі, ніякіх вензеляў і персідскіх кілімаў. У кватэрах стаіць драўляная мэбля, халадзільнік, усе вельмі проста і з густам. Відаць, гэтаксама выглядалі кватэры і 50 гадоў таму. Адзінае, што падказвае пра сучаснасць, — гэта паўсюдныя «макбукі» на сталах. Датчане не звыкліся кічыцца раскошай.

Данія — рай для раварыстаў

Данія — рай для раварыстаў

У Капенгагене цалкам магчыма ўзяць ровар напракат задарма. У горадзе хапае такіх стаянак, дзе, пакінуўшы 20 крон (каля 3 еўра), можна ўзяць ровар. Пакідаць яго зусім не абавязкова на тым самым месцы. Пры вяртанні транспарту грошы вам аддаюць назад.

Дзе жыць?

А вось гэта для небагатых беларускіх турыстаў сапраўды праблема. Жыллё ў дацкай сталіцы касмічна дарагое. Самы танны двухмесны нумар будзе каштаваць каля 60 еўра за ноч. Калі вы не баіцеся хостэлаў, то начлежку на аднаго чалавека ў 6—12 месным нумары можна знайсці ў раёне 20—30 еўра.

Што рабіць? Ёсць варыянт з пошукам кватэраў праз папулярны сайт airbnb.com. Гэта будзе крыху танней за гатэлі.

Калі надумалі ўсё ж ехаць, то трэба маніторыць розныя сэрвісы па пошуку жылля. Вельмі проста гэта, напрыклад, рабіць праз сайт HotelsCombined.com. Цалкам магчыма, што вы наткняцеся на нейкую акцыю са зніжкамі.

Дзе памяняць грошы?

Дацкія банкі бяруць камісію пры абмене валюты, яна складае драпежныя 13%. Такім чынам, у Даніі ўвогуле лепш за ўсё не мець пры сабе папяровых і металічных грошай. Разлічыцца карткай можна абсалютна ўсюды. Уладальнікам картак трэба памятаць, што ў Даніі амаль нідзе не прымаюць «нечыпаваныя» карткі.

Што есці?

Зноўку сутыкаемся з праблемай дацкай дарагавізны. Схадзіць у кавярню ці рэстаран — задавальненне нятаннае.

У абед ратуюць так званыя buffet-ы. Гэта такая сістэма, калі ты прыходзіш ва ўстанову, плаціш за ўваход, а есці можаш колькі хочаш. Звычайна «буфеты» — гэта рэстараны з кітайскай ці турэцкай кухнямі. Іх дастаткова шмат у цэнтры горада. Працуюць яны да 17-й, а пасля пераходзяць у рэжым звычайных кавярняў. Паесці там каштуе, як правіла, менш за 10 еўра, але ёсць і падвох: апроч ежы вы мусіце абавязкова замовіць напой. Гэта можа быць чай, кава, газіроўка ці піва. Такім чынам, рахунак істотна ўзрасце.

У Даніі праходзяць спаборніцтвы па прыгатаванні смёрэбродаў

У Даніі праходзяць спаборніцтвы па прыгатаванні смёрэбродаў

Калі ўсё ж ёсць жаданне пакаштаваць нечага аўтэнтычнага дацкага, то тут можа чакаць пэўнае расчараванне. Ледзьве не галоўнай нацыянальнай стравай у Даніі лічыцца бутэрброд, дакладней ягоная разнавіднасць — смёрэброд. Існуюць тысячы варыянтаў смёрэбродаў, кухары спаборнічаюць, хто ж прыдумае найбольш арыгінальны рэцэпт. У смёрэбродзе звычайна на маленькім кавалачку жытняга хлеба пласт за пластам укладваюць гуркі, селядзец, яйкі, цыбулю, усялякія соусы, вяндліну, крэветкі, ласося. Карацей, што трапіцца пад руку. Ад класічнага бутэрброда адрозненне такое, што смёрэброд «расце» ўвышкі і ядуць яго пласт за пластам. Каштуюць смёрэброды нятанна — каля 10 еўра.

Калі і гэтага акажацца мала, то ў турыстычных месцах можна пакаштаваць і іншых дацкіх прысмакаў, кшталту салодкага селядца. Але думаецца, што рабіць гэта зусім не абавязкова.

Харчавацца ежай з супермаркетаў нашмат танней. Цэны вышэйшыя, чым у Мінску, але не сказаць, што шакуюць. У магазінах ёсць адмысловыя паліцы з прадуктамі, тэрмін прыдатнасці якіх сканчаецца, іх можна браць з вялікай зніжкай.

Што піць?

Данія — адзіная скандынаўская краіна, якая не мае абмежаванняў у продажы алкаголю. Калі ў Швецыі ці Ісландыі алкаголь можна набыць толькі ў адмысловых крамах, то ў Даніі зрабіць гэта можна ў любой крамцы.

Данія славіцца сваім півам. Гэта радзіма славутага брэнда «Карлсберг», якому належыць мноства бровараў па ўсім свеце. Калі п’яце «Аліварыю» ў Беларусі, «Швітурыс» — у Літве ці «Балтыку» — у Расіі, то ведайце, што гэта ўсё належыць канцэрну «Карлсберг». У Капенгагене ёсць магчымасць схадзіць у музей бровара. У цану білета ўваходзіць яшчэ 2 куфлі піва.

Аграмадныя сланы на тэрыторыі завода «Карлсберг»

Аграмадныя сланы на тэрыторыі завода «Карлсберг»

У музеі сабраная самая вялікая ў свеце калекцыя нераспачатых піўных бутэлек. Прычым сабраныя яны з усяго свету — ад Японіі да Грэнландыі. Беларускіх экспанатаў у экспазіцыі чамусьці няма. Дарэчы, на заводзе «Карлсберг» у вочы кінецца свастыка. Яна нанесеная нават на аграмадных каменных сланах, што размешчаныя на тэрыторыі завода. Бровар выкарыстоўваў гэты сімвал ад моманту стварэння ў канцы XIX стагоддзя аж да 1940-х. Выкарыстоўвалася «Карлсбергам» і зорка Давіда.

Датчане ў гады вайны былі ўнікальнай нацыяй, якая змагла выратаваць амаль усіх сваіх габрэяў. Грамадскасць краіны ў гады фактычнай акупацыі выступала рэзка супраць антысеміцкіх артыкулаў, а кароль Даніі Крысціян Х у 1942 годзе наведаў сінагогу. Удзельнікі дацкага супраціву змаглі перавезці з краіны ў нейтральную Швецыю 7200 з 7800 габрэяў.

Калі вяртацца да напояў, то Данія славіцца сваім крафтавым півам. Адным з найбольш папулярных месцаў з’яўляецца Mikkeller Bar — завадатар піўных трэндаў у Еўропе.

Небяспекі

Хрысціянія — не самае прыветнае месца ў дацкай сталіцы

Хрысціянія — не самае прыветнае месца ў дацкай сталіцы

Амаль у цэнтры Капенгагена знаходзіцца вядомы на ўвесь свет раён Хрысціянія. У гэтым квартале горада некалі даўно аселі хіпі. Яны засяліліся ў старыя закінутыя казармы. Цяпер гэта такая «дзяржава ў дзяржаве», са сваімі правіламі, законамі і нават сцягам. Некалькі разоў дацкія ўлады спрабавалі разагнаць Хрысціянію, але спробы былі няўдалымі.

На вуліцах Хрысціяніі ідзе спакойна продаж лёгкіх наркотыкаў, а ў паветры вісіць густы пах «травы». У Хрысціяніі забароненая відэа- і фотаздымка. Мясцовыя гандляры баяцца, што па фота паліцыя можа пазнаць іх па-за межамі Хрысціяніі. Такім чынам, калі ў вас у руках пабачаць фоцік, то рэакцыя можа быць дастаткова агрэсіўная.

Што паглядзець?

Самыя папулярныя турыстычныя месцы дацкай сталіцы — гэта бухта Нюхаўн, помнік Русалачцы, а таксама парк «Цівалі».

Нюхаўн

Нюхаўн — самы маляўнічы раён Капенгагена. Каля бухты размешчаныя прыгожыя каляровыя дамкі, побач стаяць яхты. Шмат адкрытых рэстаранаў і бараў, а таксама турыстаў. Раней гэта было самае «дно» горада, дзе збіраліся матросы пасля доўгіх выхадаў у мора, пілі і балявалі. Цяпер жа гэта вельмі ціхі квартал. Можа, некалі падобная трансфармацыя чакае і Хрысціянію? Дарэчы, калі ёсць жаданне пракаціцца на катары і паглядзець на Капенгаген з вады, то зусім не абавязкова гэта рабіць разам з экскурсіяй і пераплачваць. Ёсць магчымасць праехаць на звычайных маршрутных катарах, якія ходзяць як у нас тралейбусы ці аўтобусы.

Тутсама знаходзіцца дом №18, дзе некалі жыў Ганс Хрысціян Андэрсан.

«Цівалі»

Помнік вялікаму казачніку размешчаны недалёка ад увахода ў парк «Цівалі». Кажуць, што менавіта пасля наведвання гэтага комплексу ідэяй адкрыцця парку забаваў загарэўся Уолт Дыс- нэй. У «Цівалі» хапае цікавых атракцыёнаў, але там прыемна проста пагуляць ці пакарміць паўлінаў. Варта памятаць, што «Цівалі» працуе ў летні перыяд (ад красавіка да верасня), на Хэлоўін (ад 14 да 23 кастрычніка) і на Раство (ад 11 лістапада да 30 снежня).

Русалачка

Аўтар каля помніка Русалачцы

Аўтар каля помніка Русалачцы

Што тычыцца Русалачкі, дык, кажуць, гэты помнік шмат каго расчароўвае. Невялічкая скульптура (125 см) знаходзіцца ў порце Капенгагена на фоне індустрыяльных пейзажаў. І тым не менш усё адно тысячы і тысячы людзей цягнуцца да Русалачкі, бо ёсць у гэтым помніку штосьці сапраўднае і прыгожае: непадробны сум і каханне. Гэты помнік падарыў гораду Карл Якабсэн — сын заснавальніка «Карлсберга»,— а пазіравала ягоная жонка Элінэ.

Ёсць у Капенгагене яшчэ падводны помнік Трытону і яго дзецям, якія чакаюць з сушы жонку і маці. Водарасці наводзяць на гэты помнік дадатковы вусціш.

Нюбодэр

Пра гэта мала пішуць у турыстычных гідах, але абявязкова схадзіце ў раён Нюбодэр (гэта недалёка ад Русалачкі). Гэта таксама раён былых вайсковых казармаў, які перарабілі ў сімпатычныя недарагія дамкі. Любая дэталька Нюбодэра ідэальна кладзецца на фота, проста рай для аматараў інстаграмаў.

Квартал Нюбодэр — самая фотагенічная славутасць Капенгагена

Квартал Нюбодэр — самая фотагенічная славутасць Капенгагена

Ёсць у Капенгагене таксама каралеўскія палацы, Ратуша, прыгожыя вуліцы, музеі і фантаны.

У гэтым тэксце ўжо двойчы згадваліся былыя казармы, але Данія — адна з нямногіх еўрапейскіх краін, якая яшчэ не адмовілася ад абавязковай вайсковай службы. Як і не адраклася сваёй валюты. Еўрасаюз Еўрасаюзам, але выракацца свайго датчане не спяшаюцца. Можа, у гэтым і ёсць сакрэт іх шчасця.

***

Данія

Краіна на поўначы Еўропы. Кантынентальна мяжуе з Германіяй, па моры — з Швецыяй.

Насельніцтва — 5,7 мільёна чалавек (у Беларусі 9,5).

Плошча — 42,3 тысячы квадратных кіламетраў (Беларусь большая амаль у пяць разоў – 207 тысяч).

Палітычны лад — канстытуцыйная манархія. Фактычным кіраўніком краіны з’яўляецца не каралева, а прэм’ер-міністр.

Цывілізацыйны выбар — Еўрасаюз.

ВУП на душу насельніцтва – 44,6 тысячы даляраў (Беларусь — 18,2), паводле звестак МВФ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?