79-гадовы Аляксандр Лапіцкі не быў вядомым грамадскім актывістам і да выраку суда Фрунзенскага раёна сталіцы пра яго мала хто ведаў. Але 12 красавіка яго прызналі вінаватым у абразе прадстаўнікоў улады, суддзяў, прэзідэнта і накіравалі на прымусовае лячэнне. Экспертыза паказала, што ў пенсіянера маецца хранічны псіхічны разлад.

Некаторыя праваабаронцы лічаць, што на самой справе Лапіцкага пакаралі за прынцыповасць і крытычныя думкі, і настойваюць, што яго трэба прызнаць палітвязнем.

У лістах да чыноўнікаў пенсіянер выкарыстаў слова «казлы», «ідыёты» і «адмарозкі»

Праваабаронца Алег Воўчак распавёў, што Аляксандр Лапіцкі з'яўляецца кандыдатам хімічных навук, але ўжо даўно на пенсіі.

«Ён нармальны, разумны чалавек, — лічыць Волчак. — Я бачыў лісты, якія ён адпраўляў чыноўнікам. Сапраўды, там ёсць неадназначныя словы і выразы. Але я хачу сказаць, што да нас у грамадскую прыёмную часта прыходзяць людзі з падобнымі зваротамі. Праваахоўныя органы ды і ўся выканаўчая ўлада часам даводзяць людзей да таго, што яны ўжо не могуць стрымліваць эмоцый у сваіх зваротах».

Лісты Лапіцкі адпраўляў па электроннай пошце.

Частка лістоў тычылася абставінаў крымінальнай справы ў дачыненні да сына Лапіцкага, якога судзілі па абвінавачванні ў збіцці жонкі. Лапіцкі прадстаўляў у судзе інтарэсы свайго сына.

«Восем гадоў цягнулася разбіральніцтва. Аляксандр Нічыпаравіч і яго сын настойвалі на невінаватасці, аспрэчвалі экспертызы. Але ў выніку сына Лапіцкага ўсё-ткі асудзілі », — расказаў Волчак.

Аляксандр Лапіцкі крытыкаваў судовую сістэму, адпраўляў звароты ў пракуратуру, Адміністрацыю прэзідэнта і суды.

У 2011 годзе пенсіянер пачаў адсочваць разбіральніцтва з нагоды выбуху ў мінскім метро. У сваім блогу ён дэталёва распісваў, што, на яго думку, у трагедыі вінаваты прэзідэнт Беларусі і іншыя службовыя асобы.

«Я папярэджваў яго, што з гэтай нагоды могуць узнікнуць праблемы, таму што такога роду абвінавачванні не могуць быць галаслоўнымі, — адзначае Алег Волчак. — Аднак незразумелым застаецца, чаму абвінавачванні яму прад'явілі ў 2016 годзе, бо з моманту выбуху ў метро прайшло ўжо пяць гадоў».

Праваабаронца таксама адзначае, што міліцыя неаднаразова адмаўляла ў завядзенні крымінальнай справы па факце абраз службовых асоб. Аднак у гэтым годзе справа ўсё-ткі дайшла да суду.

Працэс, па словах відавочцаў, заняў усяго два дні. У прысудзе адзначана, што абразай з'яўляюцца наступныя словы і выразы з перапіскі пенсіянера: «окабанели», «обнаглели», «козлы», «идиоты», «отморозки», «свиньи», «на выдумку и клевету судьи», «вся глубина нравственной деградации» і некаторыя іншыя.

«Хачу звярнуць увагу, што ў судзе поўны тэкст лістоў не зачытваўся, таму кантэкст застаецца незразумелым, — кажа Волчак. — У прысудзе ідзе пералік абраз, але няма дакладнага вызначэння, каму менавіта з беларускіх афіцыйных асобаў яны былі накіраваныя. Вядома, Лапіцкі выкарыстаў непрыстойныя выразы, але, на мой погляд, гэта адміністрацыйнае правапарушэнне, а не злачынства, за якое сталага чалавека трэба адправіць на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычную бальніцу».

Абраза прэзідэнта і простага грамадзяніна ў Беларусі ацэньваецца па-рознаму

Калі б Лапіцкі ў сваіх лістах абражаў простых грамадзян Беларусі, яго б для пачатку прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці (штраф ад 4 да 20 базавых велічынь), а калі б ён на працягу года зноў дазволіў сабе падобныя паводзіны, дайшло б да крымінальнай адказнасці (максімальнае пакаранне — да трох гадоў абмежавання волі).

Але чыноўнікі ў крымінальным заканадаўстве Беларусі стаяць вышэй за простых грамадзян. За абразу прадстаўніка ўлады, суддзі або народнага засядацеля, а таксама прэзідэнта крымінальная адказнасць наступае адразу ж. І пакаранне, вядома, больш суровае. За абразу кіраўніка дзяржавы — да двух гадоў пазбаўлення волі.

Праваабарончы цэнтр «Вясна», пазбаўлены ў Беларусі рэгістрацыі, на днях выступіў з заявай, у якой заклікае выраўняць у гэтым плане чыноўнікаў з простымі грамадзянамі.

У Беларусі з'явіцца яшчэ адзін палітвязень?

Алег Воўчак і шэраг іншых праваабаронцаў лічаць, што Аляксандра Лапіцкага варта прызнаць палітвязнем, бо прысуд суда з'яўляецца палітычна матываваным.

«Яго пераследуюць за крытыку, за грамадзянскую пазіцыю», — заявіў суразмоўца.

Кіраўнік Беларускага дома правоў чалавека Таццяна Равяка адзначыла, што заявы аб прызнанні Лапіцкага палітвязнем пакуль заўчасныя — прысуд суда не ўступіў у законную сілу, а абвінавачваны цяпер знаходзіцца на волі.

«Аднак калі ён усё ж такі будзе накіраваны на прымусовае лячэнне, мы будзем разглядаць пытанне аб прызнанні яго палітвязнем, бо парушаны стандарт свабоды выказвання меркавання. Інфармацыю пра справу Лапіцкага мы ўжо накіравалі ў міжнародныя арганізацыі, — падкрэсліла праваабаронца. — Мы настойваем на дэкрыміналізацыі дыфамацыйных правапарушэнняў» (за абразу гонару і годнасці).

Вядома, што адвакат Лапіцкага мае намер абскардзіць вынесены прысуд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?