18 красавіка ў Фрунзенскім судзе Мінска пачаўся судовы працэс над беларускім байцом батальёна ДУК «Правы сектар» Тарасам Аватаравым. Ён быў затрыманы 26 лістапада 2015 года на чыгуначным вакзале ў Мінску. Яго судзяць за незаконны абарот зброі і кантрабанду зброі. Пра наёмніцтва гаворка не вядзецца.

У пачатку судовага працэса 28-гадовы Аватараў звярнуўся да журналістаў расійсіх СМІ, што ён забараняе ім асвятляць гэты працэс.

Калі суддзя Жанна Жукоўская звярнулася да Аватарава, ці ёсць у яго заявы і хадатайніцтвы, ён сказаў, што просіць асабістай сустрэчы з кіраўніком КДБ Валерыем Вакульчыкам. «Ён разумеючы чалавек. Калі я публічна агучу тое, як прэсавалі мяне ў турме, то Беларусь не толькі пазбавіцца крэдытаў, але і перастане лічыцца цывілізаваным светам».

Таксама Аватараў папрасіў, каб яго вызвалілі ў сувязі з амністыяй. Трэцяя ягонае хадайніцтва тычылася пераносу суду, бо ён не паспеў азнаёміцца з матэрыяламі справы. А падпісаў, што азнаёмлены пасля шантажу з боку пракурора. Гэтае хадайніцтва было адхілены, як і аб сустрэчы з Вакульчыкам.

Сваю віну Аватараў прызнае часткова. Па артыкуле 228 ч. 2 «Кантрабанда зброі» ён не прызнаў віны. Аднак прызнаў па артыкуле 295 ч.2 «Незаконны абарот зброі».

15:15

Пачаўся допыт сведкаў. Першым выступаў Ігар Вашкевіч, вальшчык лесу родам з Салігорскага раёна. Ён быў панятым пры правядзенні вобшуку Тараса Аватарава. Аднак потым высветлілася, што Вашкевіч не быў непасрэдным сведкам канфіскацыі гранаты, пісталета і іншых прадметаў. Аператыўнікі запрасілі яго ў пакой, калі ўсё знойдзенае ў Аватарава, ужо ляжала на стале.

Паводле словаў Вашкевіча, Аватараў сцвярджаў, што знайшоў гранату ў Свіслачы і яму яна не належыла.

***

Другі сведка – 20-гадовы міліцыянт Глеб Шуст. Ён прыйшоў у скураной куртцы, на задняй частцы якой намаляваны чэрап у атачэнні зброі. У Шуста за плячыма толькі сярэдняя адукацыя.

 Менавіта ён праводзіў затрыманне Аватарава. Раніцай 26 лістапада Шуст разам з калегам Ляшуком пабачыў на вакзале чалавека, які спаў, а праз куртку ў яго была бачная бронекамізэлька. Гэта і стала падставай разбудзіць чалавека. Пасля міліцыянты павялі Аватарава для больш дэталёвай праверкі ў асобны пакой. Аватараў абсалютна не супраціўляўся.

У паказаннях сведкі на судзе і ў пратаколах былі неадпаведнасці. У прыватнасці, Шуст сёння сцвярджаў, што гранату дасталі самі міліцыянты з кішэні курткі Аватарава. Аднак у матэрыялах справы сцвярджаецца, што Аватараў трымаў руку ў левай кішэні курткі і адмаўляўся яе дастаць, а калі дастаў, то пабачылі, што ў яго руцэ граната. Шуст зазначыў, што правільныя сведчанні ён даваў тады, а не сёння.

Шуст сказаў, што Аватараў ім тады сцвярджаў, што гранату ён знайшоў і павінен перадаць кампетэнтным органам.

Пры гэтым Шуст адзначыў, што ад Аватарава не было ніякай агрэсіі.

Шуст пацвярджае, што вобшук Аватарава праходзіў не пры сведках. Ім ужо былі паказаныя прадметы, якія былі канфіскаваныя ў абвінавачанага, аднак самога працэсу канфіскацыі яны не бачылі.

15:49

Выступіў сведка сапёр Руслан Клакотка, які працаваў пры абясшкоджванні гранаты. Ён адзначыў, што граната не знаходзілася ў баявым становішчы. Прынцыповы момант, што было ўнутры гранаты: так званы «ўзрывацель», ці «запал». Узрывацель звычайна ўмантаваны ў гранаты, які выкарыстоўваюцца гранатамётам, іх дзеянне адбываецца пры ўдары. Што тычыцца «запалу», то для таго, каб прывесці яго ў баявое становішча патрэбна адагнуць «вусікі», выцягнуць колца. Сапёр пацвердзіў, што ў гранаце Аватарава быў «запал». Пры гэтым сапёр пацвердзіў, што гранату пры патрэбе можна было вельмі хутка выкарыстаць. Цягам 3-4 секунд.

16:20

Абвешчаны перапынак да 19 красавіка, 10:30

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?