У нядзелю ў Кіеве ўрачыста адкрылі першую ў краіне школу сяржантаў, якія будуць вучыцца па стандартах НАТА. Школа адкрылася на вучэбна-трэніровачнай базе палка «Азоў», піша афіцыйны сайт добраахвотніцкай вайсковай часткі.
У школе будуць вучыцца 50 байцоў «Азова», якія стануць прафесійнымі сяржантамі і атрымаюць найлепшую тактычную, тэхнічную і фізічную падрыхтоўку, піша сайт.
Сцяг школы
Навучанне будзе працягвацца па тры месяцы для аднаго патоку, потым пройдуць іспыты, пасля якіх прыкладна палова застанецца інструктарамі, а іншыя будуць служыць у палку.
Зараз будучых сяржантаў будуць вучыць грузінскія інструктары, якія ваявалі ў Іраку і супраць Расіі. Значная частка з іх атрымала афіцэрскую падрыхтоўку ў ЗША па праграме «зялёных берэтаў».
Першы дзень заняткаў
Для школы сяржантаў, якая атрымала імя Яўгена Канавальца, заснавальніка Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН), была перакладзеная на ўкраінскую мову вялікая колькасць замежнай ваеннай навучальнай літаратуры.