Упершыню з 28 красавіка па 1 мая ў сталічным кінатэатры «Дом кіно» пройдзе рэтраспектыва праекта «Незалежны позірк». Кінаальманах уключае найлепшае з сучаснага беларускага кароткага метра і закліканы разбурыць стэрэатыпныя ўяўленні беларусаў пра свой кінематограф.

У дзень прэм'еры ў кінатэатры выступяць удзельнікі нацыянальнага адбору конкурсу «Еўрабачанне-2016» — гурт NAVI, чыя песня стала саўндтрэкам да аднаго з фільмаў, а карціны прэзентуюць аўтары.

Частку праграмы праекта складаюць фільмы беларускага конкурсу кінафестывалю «Лістапад», якую заходнія і беларускія эксперты прызнаюць прарывам у беларускім кінематографе. Сярод іх — «Сапраўдная амерыканка» Дар'і Жук, «ОНЦБНЧА» Максіма Лушчыка, «Адной крыві» Мітрыя Сямёнава-Алейнікава, «Баба, Ваня і каза» Дар'і Юркевіч. Не абыдзецца паказ і без новых карцін: гледачы ўбачаць гісторыю кахання «Ро і Дж» Яўгена Лыткіна і Максіма Малахава, створаную з дапамогай краўдфандынгу, «Бліжэй, чым ты думаеш» Арцёма Лобача — прытчу аб чалавечых узаемаадносінах, і фільм пра Чарнобыльскую катастрофу «Лічыльнік шчасця» Ігара Чышчэні, зняты ў рамках праекта «Kinosprint».

«Цяпер адбываецца працэс нараджэння новага беларускага кіно, яркага, праблемнага, якое выклікае жывы водгук. Гэта кіно пра нас саміх. Характэрна, што фільмы знятыя не на дзяржаўнай студыі, а незалежнымі маладымі рэжысёрамі. Калі мы хочам, каб беларускае кіно жыло, трэба падтрымаць нашых таленавітых аўтараў. І першае, што для гэтага можна зрабіць — прыйсці на паказ іх фільмаў», — кажа куратар праекта Мікалай Лаўранюк.

Адна з асаблівасцяў паказу — тое, што ў ім удзельнічаюць рэжысёры розных кінашкол. Аўтары фільмаў «Незалежнага позірку» атрымалі адукацыю не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Так, Дар'я Юркевіч вучылася ў Францыі, Дар'я Жук — у ЗША, Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў і Максім Лушчык — у Расіі, Арцём Лобач — у Польшчы.

«Адбор карцін быў не такі ўжо просты. Цікавых фільмаў шмат, і мы спадзяёмся, што праект адкрые шырокай аўдыторыі новыя імёны ў нашым кіно. Дарэчы, глядач зможа прагаласаваць за ўпадабаную карціну», — кажа ініцыятар паказу і галоўны рэжысёр кінатэатра «Дом кіно» Аляксандр Богдан. Дарэчы, «Дом кіно» ужо не ў першы раз дэманструе фільмы маладых беларускіх рэжысёраў: з 2006 па 2013 год у кінатэатры праходзіў праект «Кінаарт па-беларуску». Куратары праекта «Незалежны позірк» таксама разлічваюць, што паказы беларускага незалежнага кіно на вялікім экране стануць рэгулярнымі.

Пачатак сеансаў у 19:00.

Арганізатарам праекта выступае УП «Кінавідэапракат» і Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн».

Спіс фільмаў, запланаваных да паказу

«Баба, Ваня і каза» (Дар'я Юркевіч, Беларусь, Францыя, 2014 г.)

У невялікай беларускай вёсцы жыццё бабы Серафімы круціцца вакол яе сына, алкаголіка Вані. Не маючы на сваім баку нікога, акрамя белай казы Манькі, баба Серафіма пачынае вайну супраць суседкі Глашы, якая варыць і прадае самагон у вёсцы.

Фільм быў прадстаўлены на найбуйнейшых кінафорумах у Францыі, Літве, Арменіі і іншых краінах, а таксама атрымаў спецыяльны дыплом на фестывалі «Лістапад»-2014.

«ОБНЦБНЧА» (Максім Лушчык, Беларусь, 2014 г.)

Анімацыйныя-гульнявы фільм, які вяртае гледачоў у 90-я. Энцыклапедыя перабудоўчага дзяцінства не пакіне абыякавымі ўсіх, хто памятае «бубл-гум» «Турба», баевікі са Шварцам і папяровыя гоначкі.

Яшчэ адзін хіт фестываляў СНД, на «Лістападзе»-2015 адзначаны дыпломам «За арыгінальную стылістыку».

«Адной крыві» (Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў, Беларусь, 2015 г.)

Гісторыя двух родных братоў, чые розныя погляды на жыццё сутыкнулі іх у бітве за сваю праўду. Фільм прыняў удзел у 25 міжнародных кінафорумах і атрымаў прызы ў Аўстрыі, Румыніі, Канадзе, Польшчы і Расіі.

«Сапраўдная амерыканка» (Дар'я Жук, ЗША, Беларусь, Расія, 2015 г.)

1994 год. Студэнтка з былога Савецкага Саюза нядаўна прыехала па абмене і жыве ў амерыканскай сям'і. У дзень свайго 17-годдзя, якое адзначае яе «амерыканская сям'я», яна трапляе ў шэраг нязручных сітуацый і сутыкаецца з культурнымі асаблівасцямі пакуль мала вядомага ёй заходняга свету.

Фільм быў прадстаўлены на 10 фестывалях па ўсім свеце, а на «Лістападзе» атрымаў дыплом «За трапны погляд беларускага аўтара на амерыканскі сямейны побыт».

«Бліжэй, чым ты думаеш» (Арцём Лобач, Беларусь, 2015 г.)

Дзяўчына збягае разам са сваім хлопцам ад бацькоў у вясковую глухмень. Здавалася, што так магчыма пабудаваць пачатак сямейных адносін, але нечаканая сустрэча змяняе ўсё і адкрывае сапраўдныя намеры кожнага з герояў.

«Лічыльнік шчасця» (Ігар Чышчэня, Беларусь, 2016 г.)

У невялікім савецкім горадзе ў канцы 80-х гадоў жыве маладая і шчаслівая сям'я — бацька, маці і сын. Аднойчы бацька з'язджае ў нечаканую камандзіроўку. Маці і сын чакаюць яго і хвалююцца. І вось бацька вяртаецца. З сабой ён прывозіць дзіўны прадмет, які хлопчык прымае за Лічыльнік Шчасця…

Фільм створаны ў рамках праекта «Kinosprint».

«Ро і Дж» (Яўген Лыткін, Максім Малахаў, Беларусь, 2016 г.)

Фільм распавядае рамантычную гісторыю хлопца і дзяўчыны, якія воляй лёсу павінны знайсці дарогу адно да аднаго. Фільм створаны з дапамогай краўдфандынгу, а саўндтрэкам да яго сталі песні беларускіх гуртоў J:МОРС і NAVI.

***

Па ўсіх пытаннях звяртайцеся да куратара праекта «Незалежны позірк» Мікалаю Лаўранюка:

Тэл.+375 29 606 58 31 и +375 29 756 75 56

e-mail: [email protected] и [email protected]

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0