Старажоўка, або Пярэспа — раён ад Камсамольскага возера да Траецкага прадмесця ў межах вуліц Харужай, Крапоткіна, Старавіленскай, Старажоўскай, Камуністычнай, Кісялёва. Сучасны цэнтр Мінска, а калісьці — гарадскія ваколіцы, Старажоўка мае багатую і малавядомую гісторыю.

З сярэдзіны ХІХ ст. зямлю тут сталі шчыльна забудоўваць домаўласнікі, забудова не спыняецца дасюль. Да 1980-х на Старажоўцы існавала трывалая суседская, гістарычная і культурная супольнасць, адмежаваная ад рэшты горада асаблівасцямі ландшафту (Старажоўка — левабярэжжа Свіслачы).

Ад канца XVIII да пачатку XXI стагоддзя раён ператварыўся з перыферыі ў індустрыйны цэнтр: тут узніклі фарфоравы, піваварны, хлебны, фурнітурны, цвіковы заводы, першы цэх фабрыкі «Камсамолка» (цяпер «Мілавіца») і нават фабрыка ёлачных цацак. Цяпер на нашых вачах Старажоўка робіцца дзелавым і інтэлектуальным цэнтрам. Ва ўсе часы яна была і застаецца сакральным цэнтрам — тут знаходзяцца двое старадаўніх могілак і царква сярэдзіны ХІХ ст., дзве з трох мінскіх сінагог.

Анатоль Наліваеў. Пярэспа і від на вінакурна-дражджавы завод Урэвіча.

Анатоль Наліваеў. Пярэспа і від на вінакурна-дражджавы завод Урэвіча.

Могілкі для праваслаўных і ўніятаў

Менавіта на Старажоўцы ў месцы ўпадзення ракі Пярэспы ў Свіслач, згодна з легендай, жыў асілак Мянеск, заснавальнік Мінска, які начамі нібыта ездзіў ваколіцамі на сваім млыне. А пахаваны волат, паводле той самай легенды, на Старажоўскіх могілках, якія цяпер сталі Старажоўскім скверам ля царквы Марыі Магдалены.

Могілкі тут узніклі ў канцы XVIII стагоддзя. Паўтара стагоддзя з таго часу ля сцен Пярэспінскай царквы хавалі ўсіх праваслаўных мінчукоў і мінчанак, а пасля скасавання уніі — і ўніятаў: бедных і заможных, шаўцоў і чыноўнікаў. Пахавальныя працэсіі ішлі па вуліцы Кісялёва (колішняй Старажоўскай) да царкоўнай брамы. У ХХ ст. воз і каня замяніў чорны аўтамабіль. Ехаў ён паволі, людзі ішлі за труной.

Так магла выглядаць старажоўская царква.

Так магла выглядаць старажоўская царква.

Абраны праект царквы.

Абраны праект царквы.

Царкву купілі ў лютэранаў

Спярша людзі бачылі перад сабой драўляную царкву. Гэты старэнькі будынак у 1802 годзе праваслаўныя выкупілі ў лютэранаў і перавезлі на Старажоўку. Ён служыў да 1835, пакуль не згарэў. Новы храм будавалі 12 гадоў. Доўга спрачаліся, з дрэва ці з цэглы будаваць і ці трэба званіца. Сродкаў не ставала, хоць збіралі іх па ўсіх прыходах Мінскай епархіі (прыходскія святары дасылалі ў Мінск рублі і справаздачу, хто з прыхаджан колькі ахвяраваў) і нават за яе межамі (так, абразамі і грашыма дапамаглі кіеўскія вернікі).

Паколькі фундамент новай, усё ж такі мураванай царквы быў шырэйшы за стары, выйшла, што новая царква паўстала на старых пахаваннях. Гэтым, ужо безыменным, магілам, аднак, пашанцавала болей, чым пазнейшым. Пазнейшыя руйнавалі ў паваенныя дзесяцігоддзі. «Нават у 80-я гады зойдзеш — і ўсё было відно, — расказвалі старэйшыя старажоўцы. — Было поўна плітаў. Я памятаю помнік удавы палкоўніка. У канцы 60-х крыжоў ужо не было, але помнікі стаялі».

Цяпер на паверхні слядоў вобмаль: некалькі надгробкаў ля царквы — і ні знаку пра дзясяткі тысяч пахаванняў у Старажоўскім скверы, абапал сучаснай Старажоўскай вуліцы, прасечанай у 1984-м проста праз цэнтр могілак. Чалавечыя парэшткі знаходзяць тут дагэтуль падчас рамонтных работ.

У страшныя 1930-я царква Марыі Магдалены была апошнім дзейным праваслаўным храмам Мінска.

Зачынілі яе 28 ліпеня 1937, арыштаваўшы ўсіх служак і найактыўнейшых прыхаджан. Прысуд быў вынесены ўсім адзін: 1 лістапада васьмярых мужчын і адну жанчыну расстралялі. Яшчэ дзвюх жанчын — жонку клірыка і прыхаджанку — асудзілі да 10 гадоў лагера, адкуль яны ўжо не вярнуліся.

Роўна праз год, 1 лістапада 1938, расстралялі рэгента хора Пярэспінскай царквы — знанага кампазітара, аўтара песні «Купалінка» Уладзіміра Тэраўскага. Тэраўскі і жыў побач — на Кісялёва-Старажоўскай, у раёне піваварнага завода.

Леў Альпяровіч. Пахаванне гімназісткі на Старажоўскіх могілках

Леў Альпяровіч. Пахаванне гімназісткі на Старажоўскіх могілках

Калгасны рынак на костках

Доўгі час былі занядбаныя і другія старажоўскія могілкі — на рагу вуліц Харужай і Чарвякова. Тут у часе Першай сусветнай вайны хавалі тых, хто сканаў у вайсковым шпіталі побач. На могілках была нават капліца, але «царская вайна» не шанавалася бальшавіцкай уладай, памяць пра яе імкнуліся зацерці. І ўрэшце да пачатку Другой сусветнай памятны знак і самі могілкі прыйшлі ў заняпад.

Архіў у старажоўскай царкве.

Архіў у старажоўскай царкве.

У 1941 годзе немцы зрабілі тут фільтрацыйны лагер. Усім мужчынам прызыўнога веку было загадана сабрацца на Траецкай гары, а адтуль павялі «на Пярэспу». Умовы ўтрымання там апісвае мінчанка Маіна Стырнэ (яна суправаджала сяброўку ў пошуках яе брата): «Гэта была адкрытая пляцоўка, там ні дрэў, нічога не было, не было дзе схавацца. Нам нехта перадаў, што яны на санцапёку, і іх нікога не выпускаюць, а жанчыны могуць уваходзіць і выходзіць. Мы сабраліся з сяброўкай, посуду не было, мы недзе на пажарышчы чайнік знайшлі і міску, набралі вады і пайшлі. Па дарозе запытваліся, і людзі падказвалі, як прайсці. Такая плошча, народу — паспрабуй знайсці. Мы ходзім, глядзім, тут двое мужчын падыходзяць і просяць: дзяўчаткі, дайце нам хоць па глыточку вадзічкі, нам ніхто не прынясе, мы не тутэйшыя. Выявілася, адзін з іх акцёр з нейкага ўкраінскага тэатра, які тут быў на гастролях, а другі — гімнаст Андрэй Чыноў. Ён выступаў у парку Горкага, без сеткі, на турніку недзе на пяць ці шэсць паверхаў вышынёй. Я хадзіла глядзець, яшчэ да вайны… Мы далі ім напіцца, а яны сквапна п’юць, а мы ж нясём Барысу — і баімся, што яны ўсё вып’юць!

У гэты час мужчыны сабраліся цэлай групай і кінуліся да вады — да рэчкі ці канавы. Тут застрачыў кулямёт (я да таго нават не бачыла кулямёты), і ўсе хлынулі назад. Мяне збілі з ног, я ўпала і страціла прытомнасць. Мяне маглі папросту растаптаць, а гэты Андрэй Чыноў устаў нада мной мосцікам, і ўсе вакол яго каціліся. Калі б не ён, я б там ляпёшкай і засталася».

Антон Каржанеўскі. Брама старажоўскай царквы. 1943.

Антон Каржанеўскі. Брама старажоўскай царквы. 1943.

Сучасны памятны комплекс на месцы могілак Першай сусветнай збудавалі ў сярэдзіне 2000-х. Гэтаму папярэднічала дзесяцігадовая кампанія змагання: спярша на месцы могілак планавалася жылая забудова. Толькі пасля ўзвядзення помніка большасць мінчукоў даведалася, што ўсім вядомы Старажоўскі рынак (яго называлі «Сабачы», «Свінячы», «Птушыны», «Калгасны») стаяў на костках тысяч людзей… Гэта было месца сутыкнення вёскі і горада: сюды сяляне вялі прадаваць коней, свіней, коз і авечак, неслі клеткі з птушкамі і везлі ялінкі да Новага года. Пазней на рынку з’явіліся латкі са шчанюкамі, кацянятамі і папугаямі, а таксама з кактусамі і іншымі дзівоснымі кветкамі. Для дзяцей паездка на Старажоўскі рынак заўжды была святам, трамвай, які ішоў у той бок, пусцеў на гэтым прыпынку, а на зваротным шляху абавязкова запаўняўся шумнымі двухногімі і чацвераногімі пасажырамі.

Караткевіч купляў птушак і выпускаў

Не толькі дзеці, але і многія дарослыя натхняліся базарным тлумам. Уладзімір Караткевіч, які жыў побач, купляў на рынку лясных птушак і выпускаў на волю. Атмасферу рынка класік перадаў у «Чорным замку Альшанскім»: «Раніцай мяне разбудзіў залівісты крык пеўня, а пасля адчайнадушнае, надрывістае кувіканне парасяці: відаць, неслі ў мяху.

— Не хачу-у! Пусці-і-це! Пусці-іце!

Як на вёсцы. І кожную нядзелю мне вось так прыемна. І гэта адна з прычын, чаму я люблю сваю хату… Нават мне немагчыма ўседзець на месцы кожную нядзелю, калі цераз тракт ад майго дома адкрываецца рынак худобы: коні, каровы, свінні, залатыя рыбкі, авечкі, галубы, трусы, лясное звяр’ё, птушкі, сабакі і ўсё жывое…»

Уладзімір Караткевіч ідзе ў старажоўскі ЗАГС, 1971 год.

Уладзімір Караткевіч ідзе ў старажоўскі ЗАГС, 1971 год.

Бомба пацэліла ў чаргу па хлеб

Для большасці мінчукоў вайна пачалася на Старажоўцы: усенародная будоўля — Камсамольскае возера — адкрылася 22 чэрвеня, і горад, асабліва маладзейшыя яго жыхары, трамваямі і пешкі спяшаліся паглядзець на цуд. Менавіта на возеры многіх застала вестка пра «вераломнае ўварванне». Спярша панікі не было, дзеці працягвалі загараць: вайна недзе там!.. Аднак у першыя ж дні вайны Старажоўка зведала страшныя страты. Адна з бомбаў пацэліла проста ў чаргу, якая стаяла па хлеб у булачную ў раёнчыку, называным «Шанхаем» (цяпер гэта праезная частка праспекта Машэрава ад вул. Крапоткіна да скрыжавання з сучаснай Старажоўскай. Так многія страцілі родных у першыя дні вайны. Мёртвых хавалі дзе прыйдзецца, а жывым выкопвалі яміны-«бамбасховішчы» на ўласных агародах. У агародных ямінах хаваліся таксама ад аблаваў, ператрусаў і арыштаў за сувязь з падполлем.

Раён Шанхай перад цяперашнім Моладзевым тэатрам, 60-я.

Раён Шанхай перад цяперашнім Моладзевым тэатрам, 60-я.

Казлоў і яго камень

А падполле было зусім побач: групка пры кожным заводзе, пры кожнай установе. Была ячэйка і ў інфекцыйнай бальніцы на Крапоткіна: гэты помнік архітэктуры функцыянуе і цяпер, усе карпусы 1912 года пабудовы можна разгледзець праз каваныя пруты агароджы. У час вайны на яе месцы быў шчыльны паркан, за ім трымалі палонных: праз шчыліны мясцовыя дзеці прапіхвалі ім кавалачкі кукурузных аладак. Пасля выгнання немцаў з Мінска ў інфекцыйнай бальніцы трымалі параненых. Ніхто не клапаціўся пра іх болей, чым мясцовыя, якія ўжо адкрыта прыносілі незнаёмым хто што мог.

Жыхары Старажоўкі, 1940-я.

Жыхары Старажоўкі, 1940-я.

На Старажоўцы жыў і знакаміты падпольшчык Іван Казлоў (1912—1942). Мастак і супрацоўнік філармоніі, ён маляваў пячаткі, пашпарты, аўсвайсы. Як і многіх удзельнікаў мінскага падполля, Казлова арыштавалі ў ноч з 25 на 26 верасня 1942 года. Вядома пра некалькі ягоных лістоў з турмы, што былі перапраўленыя на волю ў пустой ручцы збанка, у якім Казлову насілі перадачы: «З якой бясстрашнасцю, з якой жорсткасцю і велізарнай асалодай я знішчаў бы гэтых гадаў ядавітых, а я ж два гады назад не мог зарэзаць курку… Жыць, жыць! Вось як хочацца!..»

Жыхары Старажоўкі, канец 1940-х.

Жыхары Старажоўкі, канец 1940-х.

Казлоў здымаў пакой у доме Марыі Калашнікавай на вуліцы Камароўскай. Дом быў знесены разам з усёй прыватнай забудовай у другой палове 1960-х, а на яго месцы каля сённяшняй крамы «Прэстан-маркет» на праспекце Машэрава з’явіўся камень-помнік мінскім падпольшчыкам. Калі побач адкрыўся пункт здачы шклатары, камень перанеслі на іншы бок вуліцы, дзе ён знаходзіцца і цяпер, памылкова паказваючы месца размяшчэння канспіратыўнай кватэры.

Як сын Крапівы маляваў Жарэса Алфёрава

Гісторыя Старажоўкі мае сувязь з рознымі эпохамі і асобамі — ад легендарнай даўніны да нашага часу. Побач з безыменнымі для нас шаўцамі ды краўцамі на Старажоўцы жылі бібліяфіл і заснавальнік першай мінскай прыватнай гімназіі С. Зубакін, кампазітар Уладзімір Тэраўскі, мастакі Антон Каржанеўскі і Валерыяна Жоўтак, артысты Оперы, пісьменнікі Васіль Вітка, Кандрат Крапіва, Міхась Машара, Уладзімір Караткевіч, Адам Мальдзіс, Алесь Разанаў, Марыя Вайцяшонак, Анатоль Сыс, Мікалай Чаргінец, Святлана Алексіевіч.

Васіль Вітка захаваў у паэзіі памяць пра старажоўскую карчму «Апошні грош»:

Жыхары Старажоўкі, пачатак 50-х

Кожным разам з кірмашу
Бедны кося мой пярэсты
Сам спыняўся за Пярэспай —
Разумеў маю душу,

Што ні ў спёку, ні ў дождж
Нас не выпусціць дарма
Прыдарожная карчма
З назваю: «Апошні грош».

А Даўгінаўскі гасцінец
Вартавала «Тры кармчы».
Не мінеш іх, як чумы, —
Кожнай выкладай гасцінец.

Так у вочы пруць сляпіцай —
Не ўратуешся ніяк,
Калі схопяць за гарляк —
Мусіш кожнай пакланіцца.

Вітка жыў на Старажоўцы пасля вайны, як і яго калегі Кандрат Крапіва і Міхась Машара. Дзеячам культуры, якія вярталіся з эвакуацыі, на першы час знаходзіліся кватэры хіба на ўскраінах сталіцы, якія зведалі меней бамбёжак і разбурэнняў.

Вяселле на Старажоўцы, 1957. На заднім плане дом па Машэрава.

Вяселле на Старажоўцы, 1957. На заднім плане дом па Машэрава.

Сын Кандрата Крапівы Ігар у школьныя гады сябраваў з будучым нобелеўскім лаўрэатам Жарэсам Алфёравым, сваім суседам. Дом, у якім пасялілася па вайне віцебская сям’я Алфёравых, знаходзіўся на рагу Мопраўскай (цяпер Камуністычная) і няіснай ужо Маладзечанскай вуліц, за сучаснай Старажоўскай. Жарэс Алфёраў успамінаў, як пазіраваў Ігару для экзаменацыйнай работы ў Акадэмію мастацтваў: «Працаваў над партрэтам два тыдні, за гэты час я, голы па пояс, прачытаў усяго Шэкспіра (у іх дома быў поўны збор твораў). Напэўна, мой аголены торс камісію не ўразіў — Ігара не прынялі (праз год ён паступіў ужо на архітэктурны факультэт)». Жывучы на Старажоўцы, Алфёраў захапіўся фізікай, а Ленінградскі ўніверсітэт развіў яго талент.

Жыхары Старажоўкі, 50-я

Жыхары Старажоўкі, 50-я

Старажоўка наўпрост звязаная і з жыццём першай сапраўды беларускай нобелеўскай лаўрэаткі — Святланы Алексіевіч. Ужо некалькі дзесяцігоддзяў яна жыве на месцы колішняй вуліцы Стараслабадской, з вокнамі на Свіслач. Па суседстве са спадарыняй Святланай жыве адна з гераінь яе кнігі «Час сэканд-хэнд» пісьменніца Марыя Вайцяшонак. Яна нарадзілася ў сям’і высланага ў Сібір польскага асадніка і беларускай сялянкі, страціла ўсіх родных, вырасла ў дзіцячым доме. Можа, таму яна так тонка ўмее адчуць Старажоўку, асірацелую без дамоў і іх жыхароў, кветнікаў і садоў і без любых знакаў свайго мінулага: 

у горадзе новым
на Старажоўцы
думкамі
прасочваюся
скрозь скарынку
зямлі,
вадой — кропля
за кропляй
да таго бруку
старога,
зняможана
спыняюся ля парога
Менска былога,
я павінна была атрымаць
гэты горад у спадчыну.
Не маючы даверу,
горад не адчыняе
мне дзверы,
бо я прашуся
на чужой
мове.

Вуліца Крапоткіна, 60-я.

Вуліца Крапоткіна, 60-я.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?