Кіраўнік МЗС Польшчы заявіў, што Еўразвяз павінен прапанаваць новую індывідуальную праграму кожнай дзяржаве з «Усходняга партнёрства».
Міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі мяркуе, што Еўрапейскі Саюз павінен задумацца пра будучыню праграмы «Усходняе партнёрства», піша wPolityce.
«Нам трэба падумаць, што зрабіць з шасцю дзяржавамі, статус якіх вельмі розны. Тры дзяржавы падпісалі пагадненні аб асацыяцыі з Еўрапейскім Звязам, яны павольна ўводзяцца ў дзеянне. А яшчэ тры дзяржавы — у часовай нявызначанасці. Мы павінны вызначыцца, ці гэтую праграму падзяліць, ці захаваць, ці індывідуальна для кожнага ўдзельніка прапанаваць нейкую праграму супрацоўніцтва», — адзначыў кіраўнік польскай замежнапалітычнай установы.
Праграма «Усходняе партнёрства» была прынятая Еўрасаюзам у 2008 годзе для развіцця інтэграцыйных сувязяў ЕС з Украінай, Малдовай, Азербайджанам, Арменіяй, Грузіяй і Беларуссю. Аўтарамі праекта з'яўляліся кіраўніка МЗС Польшчы і Швецыі Радаслаў Сікорскі і Карл Більт.
У сакавіку 2015 года кіраўнік МЗС Аўстрыі Себасціян Курц заявіў, што Вена будзе патрабаваць перагледзець праграму «Усходняе партнёрства» і палітыку суседства Еўрасаюза ў сувязі з канфліктам ва Украіне.
Пра патрэбу перагляду праграмы «Усходняга партнёрства», якая «пацярпела фіяска», Вашчыкоўскі заяўляў яшчэ ў студзені 2016 года.