У студзені—сакавіку 2016 года ў Расіі было прададзена 617 новых грузавых аўтамабіляў Мінскага аўтамабільнага завода. Такія звесткі прыводзіць расійскае аналітычнае агенцтва «Автостат», якое спецыялізуецца на вывучэнні рынку транспартных сродкаў Расіі.

Варта зазначыць, што ў першым квартале ў Расіі было прададзена 10,1 тыс. адзінак новых грузавых аўтамабіляў, што на 23,7% менш, чым за аналагічны перыяд 2015 года. Пры гэтым тэмп зніжэння продажу беларускіх грузавых аўтамабіляў «МАЗ» на расійскім рынку апынуўся яшчэ большым, паведамляе «Автостат». Так, калі ў першым квартале 2015 года былі рэалізаваныя 1.053 грузавыя аўтамабілі «МАЗ» (масай больш за 3,5 тоны), то за аналагічны перыяд 2016 года — 617 аўтамабіляў.

Варта зазначыць, што продаж аднаго з асноўных канкурэнтаў мінскага аўтазавода на расійскім рынку — КАМАЗа — таксама некалькі знізіліся, аднак у значна меншай ступені, чым у беларускага вытворцы. У студзені—сакавіку 2016 года камскі аўтазавод прадаў на расійскім рынку 4.298 грузавых аўтамабіляў, што на 2,8% менш у параўнанні з першым кварталам 2015 года.

Пры гэтым доля КАМАЗа ў агульным аб'ёме продажу на расійскім рынку новых грузавых аўтамабіляў склала ў першым квартале 2016 года 42,6% і павялічылася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 9,3 працэнтнага пункта. Доля беларускага МАЗа ў агульным аб'ёме продажу новых грузавых аўтамабіляў у Расіі склала ў студзені—сакавіку 2016 года 6,1% і знізілася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 1,9 працэнтнага пункта.

Нагадаем, 7 красавіка Мінскі аўтамабільны завод наведваў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што дзяржпадтрымка прадпрыемству можа быць аказаная толькі пад канкрэтныя рынкі збыту. «Вы атрымаеце грошы, магчыма і кітайскія крэдыты, толькі тады, калі пакажаце, што ў вас ёсць рынкі, куды прадасце гэтую прадукцыю. У адваротным выпадку не дамо ні капейкі», — сказаў ён.

Кажучы пра асваенне новых рынкаў збыту, Лукашэнка заўважыў, што ўжо даўно і настойліва ставіць адпаведную задачу перад Мінскім аўтамабільным заводам. «Я ад вас гэтага патрабую. А то не паспеў я сюды прыйсці, як вы мне пачалі расказваць пра Расію (расійскі рынак). Мы ўжо 25 гадоў як незалежная дзяржава. У Расіі свае праблемы. Так, там рынак, які вы здалі. Сёння гэты рынак вельмі лёгка адваяваць. Але туды трэба прадаць якасную, прыгожую, надзейную тэхніку па канкурэнтнай цане», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?