Гродна плануе рэалізаваць з літоўскімі партнёрамі праект па аднаўленні суднаходнага шляху паміж Гродна і Каўнасам, паведаміў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой.

Магчымасць рэалізацыі праекта абмяркоўвалася на сустрэчы кіраўніцтва Гродна з адміністрацыяй шасці гарадоў Літвы. Літоўскія партнёры праяўляюць вялікую цікавасць да ідэі, паведаміў мэр. Яе сутнасць — у арганізацыі міжнароднага воднага шляху па рэчышчы Нёмана, які дазволіць ствараць і папулярызаваць трансгранічныя турыстычныя прадукты. У перспектыве гэта дасць магчымасць водных зносін таксама і з Польшчай праз Аўгустоўскі канал. Кошт праекта ацэньваецца прыкладна ў 6 млн еўра.

Для ажыццяўлення ідэі будзе неабходна правесці добраўпарадкаванне з беларускага боку пагранічнага паста (цяпер там ёсць толькі бетонная пляцоўка), на літоўскай тэрыторыі прыйдзецца паглыбіць фарватэр на працягу 18 км. Глыбіня ракі ад Гродна да літоўскай мяжы дастатковая для суднаходства. Таксама ў выпадку рэалізацыі праекта плануецца набыццё 1-3 пасажырскіх судоў.

Зацікаўленыя бакі падрабязней абмяркуюць перспектывы гэтага праекта на сустрэчы ў маі, плануецца падпісаць мемарандум. Праект хочуць ажыццявіць з прыцягненнем сродкаў праграмы міжнароднай тэхнічнай дапамогі, для ўдзелу ў конкурсе будзе рыхтавацца адпаведная заяўка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?