Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі Беларусі заказнікі «Дражбітка-Свіна», «Іпуць» і балота Дзікае атрымалі міжнародны статус, паведаміла начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Наталля Мінчанка на прэс-канферэнцыі ў Мінску 19 красавіка.

Цяпер 23 беларускія тэрыторыі надзеленыя такім статусам. Гэтыя тэрыторыі, сказала Мінчанка, нароўні з нацыянальнымі паркамі «валодаюць высокімі рэсурсамі для арганізацыі экатурызму». У якасці прыкладу такіх аб'ектаў яна прывяла заказнік «Спораўскі», які з'яўляецца месцам рассялення вяртлявай чарацянкі, найбуйнейшае ў Еўропе нізіннае балота з мінеральнымі астравамі Званец і верхавое балота з ледавіковымі азёрамі Ельня.

«Гэтыя аб'екты павышаюць турыстычную прывабнасць нашай краіны для экатурыстаў», — сказала Мінчанка.

Разам з тым яна выказала меркаванне, што «экалагічны турызм у Беларусі яшчэ малады, а рэкрэацыйныя і турыстычныя рэсурсы заказнікаў, перспектыўных для развіцця турыстычнай дзейнасці, выкарыстоўваюцца яшчэ не ў поўнай меры». Мінчанка таксама зазначыла, што «недастатковы ўдзел у развіцці турызму на асабліва ахоўных тэрыторыях бярэ мясцовае насельніцтва».

«У 2016 годзе плануецца распрацоўка дакумента, які вызначыць асноўныя кірункі ў развіцці экалагічнага турызму і дазволіць выкарыстоўваць наш прыродна-турыстычны патэнцыял разумна і максімальна беражліва», — сказала яна.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру