Дзевяцікласніца Кацярына Каштэльян ніколі не думала стаць мадэллю, у яе жыцці былі іншыя захапленні: вучоба, спорт, танцы. Але лёс даў ёй унікальны шанец. Выпадкова Каця апынулася ў мадэльным агенцтве Сяргея Нагорнага, і гэта адкрыла перад дзяўчынкай зусім іншы свет.

— Улетку мінулага года ў сацсетцы «УКантакце» мне напісаў скаўт (так называюць людзей, якія ў інтэрнэце шукаюць дзяўчынак для мадэльнай справы) і папрасіў выслаць снэп — фота без макіяжу. Я выслала. Пазней мяне запрасілі ў мадэльнае агенцтва Сяргея Нагорнага. Спачатку я падумала, што гэта нейкі жарт. Але ўсё аказалася праўдай, — кажа Каця Каштэльян. — Звычайна агенцтва Нагорнага праводзіць кастынгі для адбору дзяўчат. Але бывае і так, калі іх знаходзяць з дапамогай інтэрнэту.

З верасня Каця стажыруецца ў мадэльным агенцтве Сяргея Нагорнага. Перыядычна яна ездзіць у Мінск на фотаздымкі, якія пакуль у асноўным арыентаваны на стварэнне партфоліа. Спачатку, як распавядае жыхарка Брэста, яна саромелася пазіраваць перад камерай. Але на дапамогу прыходзілі фатографы. А далей ужо пачаў дапамагаць досвед.

Агенцтва Сяргея Нагорнага цесна супрацоўнічае з агенцтвамі за мяжой, таму для дзяўчат адкрываюцца шырокія магчымасці папрактыкавацца ў мадэльнай справе ў вядомых ва ўсім свеце дызайнераў, фатографаў, арганізацый і кампаній. Японскае мадэльнае агенцтва зацікавілася Кацяй. Разам з яшчэ адной дзяўчынкай з Мінска берасцейка 7 студзеня гэтага года адправілася ў сваю першую замежную стажыроўку ў Токіа. На працягу двух месяцаў беларускі хадзілі на розныя кастынгі да дызайнераў адзення, фатографаў, рэдактараў часопісаў, якія выбіралі дзяўчат для фотасесій або паказаў.

— Мадэляў у Японіі вельмі шмат. Я там сустракала дзяўчат з Беларусі, Расіі, Украіны. Канкурэнцыя была вельмі вялікая, — кажа Каця.

Тым не менш берасцейка стала адной з дзяўчын, якую выбралі для здымак часопіса Vogue Taiwan. Вынік працы ўжо выйшаў у свет у мінулым месяцы. У хуткім часе з'явяцца і іншыя фатаграфіі. Бо за гэтыя два месяцы ў Каці былі шматлікія здымкі для розных каталогаў, часопісаў, вэб-сайтаў.

Стажыроўка ў Японіі не адбілася на вучобе Каці, а вучыцца яна на «дзявяткі» і «дзясяткі».

— З Японіі я вярнулася 8 сакавіка — усяго за два тыдні да заканчэння трэцяй чвэрці. Аднак праблем па вучобе не ўзнікла. Я самастойна вывучала школьны матэрыял яшчэ ў Японіі. А па прыездзе здала ўсе неабходныя работы і кантрольныя. Настаўнікі ставяцца да мяне з разуменнем, так што ніякіх пытанняў і праблем не ўзнікла, — кажа юная мадэль.

Пакуль Каця займаецца толькі фотаздымкамі. Да паказаў адзення ёй трэба яшчэ дарасці, у прамым сэнсе гэтага слова. На подыум запрашаюць дзяўчынак ростам ад 175 см. Кацярыне пакуль не хапае двух сантыметраў. Аднак усё яшчэ наперадзе. У Каці высокія бацькі, так што гены возьмуць сваё. Акрамя таго, выцягнуцца дапаможа спорт. Каця, акрамя мадэльнай справы і вучобы, яшчэ прафесійна займаецца валейболам.

— Я вельмі рада, што стала мадэллю. Мне падабаецца гэтым займацца, ды і гэта выдатны спосаб убачыць свет. Планую вучыцца ва ўніверсітэце і паралельна быць мадэллю. У мяне шмат знаёмых дзяўчынак, якім удаецца гэта сумяшчаць. Думаю, у мяне таксама атрымаецца, — кажа пра будучыню юная мадэль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?