2016 год быў абвешчаны Годам культуры. Увесь студзень у мяне былі добрыя адчуванні. На працягу 2015-га года ў мяне не ўзнікла аніякіх праблем. Нават спагнанне, што было прадугледжана судом Цэнтральнага раёна г. Мінска ў памеры 3 млн 600 тысяч рублёў за ўдзел ва ўшанаванні памяці Міхася Жызнеўскага да ўгодак са дня смерці ля помніка Шаўчэнкі, было скасавана. І на 5-х угодках авіякатастрофы пад Смаленскам, калі грамадскасць выразіла спачуванне ў малітве ля Чырвонага касцёла, мяне затрымала міліцыя са сцягам, але да суда справа не дайшла і сцяг вярнулі.

І калі ў навагоднюю ноч на 2016 год я ішла па праспекце ад Акадэміі навук да плошчы Незалежнасці з бел-чырвона-белым сцягам на радасць шматлікім мінакам і мяне міліцыянты не пакаралі, я была ўпэўнена, што ў Год культуры сцяг, накшталт герба «Пагоня», будзе абвешчаны ўладамі гістарычнай, культурнай каштоўнасцю.

І калі 18 студзеня на акцыі ў падтрымку прадпрымальнікаў на мяне быў складзены пратакол за «публічную демонстрацію флага», я была ўпэўнена, што караць мяне за сцяг ужо аніхто не будзе. Эх… Не кажы «гоп», пакуль не пераскочыш. Год культуры. Але якой? Якая культура запануе ў Год культуры? У лютым мае добрыя адчуванні скончыліся.

Карнікі гаспадараць над культураю.

30 студзеня я прыйшла да Вярхоўнага суда падтрымаць маладых людзей, збітых у судзе Фрунзенскага раёна. Міліцыя зноў пачала складаць пратаколы. Мяне ў РУУС Ленінскага раёна ўжо не выклікалі — пратакол прыслалі па пошце, дзе зноў пачалі цкаванне за сцяг: «стояла с флагом бело-красно-белых цветов, чем нарушіла установленный порядок». Суд Ленінскага раёна прысудзіў штраф — 25 базавых.

Тут міліцыянты з РУУСа Маскоўскага раёна схамянуліся, што не падалі на мяне ў суд, калі я 18 студзеня «публічно демонстріровала флаг», і падалі на мяне ў Маскоўскі суд. 17.02 суд Маскоўскага раёна па такой жа фармулёўцы, што і Ленінскі, прысудзіў мне 30 базавых велічынь.

Пратаколы ў РУУСах і пастановы ў судах пішуць пад капірку. Пішуць па-расейску.

Бюджэт пусты, а грошы, знятыя з людзей, у сістэме круцяцца, напаўняюць і забяспечваюць існаванне сілавікоў, судоў, пракурораў.

Але арт. 58 Канстытуцыі не забараняе грамадскія сходы, звароты. Не забаронены законам і наш бел-чырвона-белы сцяг.

У 2015 чыноўнікі трохі сціхлі перад выбарамі прэзідэнта, не жадалі псаваць адносіны з Еўрапейскім Саюзам. А цяпер мы зноў коцімся нават не на ўсход, а ў яму.

У памяці вершы Анатоля Сыса:

I прыйшлі-прыбеглі каты,
нацкавалі груганоў,
як сабак,
на песню птаха,
на бунтарны спеў званоў.

I прыйшлі-прыбеглі суддзі,
абвясцілі свой прысуд:
біць, пакуль не трэснуць грудзі,
біць, пакуль не ўкленчыць люд!..

Веру, як сканаў СССР, так і цяперашняя несправядлівасць скончыцца.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру