У Ваўкавыску Гродзенскай вобласці на боханах хлеба размясцілі заклік не піць за рулём, паведамляе афіцыйны сайт Ваўкавыскага РАУС.

Мясцовы хлебазавод выпусціў партыю хлеба са стыкерам «ДАІ папярэджвае: п'яным за рулём не месца!». Акцыю падтрымала праваслаўная царква. Ганаровы настаяцель Свята-Благавешчанскага храма протаіерэй Уладзімір Кішкун асвяціў выпушчаную прадукцыю.

На хлебазаводзе адзначылі, што першая партыя хлеба з антыалкагольным стыкерам склала 18 тысяч. У будучыні заклік будуць друкаваць на ўпакоўцы на пастаяннай аснове.

Ініцыятар акцыі, начальнік АДАІ Ваўкавыскага РАУС Яўген Леановіч, паведаміў: «Не выпадкова прадметам акцыі абраны менавіта хлеб. Хлеб — прадукт, які купляюць усе, незалежна ад сацыяльнага статусу і ўзроўню дастатку. Хлеб на стале ў кожнага, хлеб, як гаворыцца, усяму галава. Мы спадзяёмся, што з яго дапамогай нам удасца завастрыць увагу людзей на праблеме п'янства за рулём і заклікаць кіроўцаў да разумных паводзінаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0